Урочышча Ізбійскі Бор
У Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці ёсць Святое месца – Ізбійскі Бор. Урочышча знаходзіцца на 20-м кіламетры аўтадарогі Ганцавічы – Будча. У сярэдзіне 18 стагоддзя менавіта тут адбыўся вялікі цуд. На адным з дрэў з’явілася ікона Божай Маці.
Жывапісная прырода, хваёвы лес, багаты на грыбы і ягады ў святым бары. Але не за шчодрымі дарамі лесу збіраліся на святой зямлі тысячы людзей. Як успамінаюць пажылыя людзі, на каленях ішлі богамольцы. У святы сцяжынку ўсцілалі ручнікамі і кветкамі. Ішлі, каб дакрануцца да крыніцы дабрабыту. Ведалі, што з богам у душы жыць лёгка і радасна. І сапраўды там бруілі крыніцы, якія валодалі гаючай, ачышчальнай сілай.
У 2012 годзе, упершыню за апошнія дзесяткі гадоў, каб адрадзіць традыцыі, у гэтым намоленым месцы сабраліся сотні праваслаўных веруючых і свяшчэннікі раёна.
Праязджаючы каля ўрочышча Ізбійскі Бор, бачым дрэвы, на якіх павязаны рознакаляровыя стужкі. А далей – у глыбіню леса бяжыць сцяжынка. Стужкі завязваюць як зарок, каб тое, аб чым яны прасілі Божу Маці, здзейснілася. Набліжаюцца да сасны, на якой, па легендзе, з’явілася аднойчы ікона Багародзіцы. Дрэва высахла, але трымаецца моцна ў зямлі. Гэта адзіны, маўклівы сведак цуда.
Уцалелы падмурак царквы ў Ізбійскім Бары
На гэтай сасне з’явілася цудатворнаяная ікона
Служба ў новай царкве
Новая царква ў Ізбійскім Бары
Лік Божай Маці з немаўлём і крыж
Ікона Прасвятой Багародзіцы
У гістарычных дакументах 1830-х гадоў пра неверагодную падзею апісваецца наступнае. У вёсцы Дзяніскавічы, што побач з урочышчам, жылі вельмі добрасумленныя людзі. Былі дружнымі, мірнымі, займаліся земляробствам. Напэўна, з’яўленне Божай Маці стала для іх благаславеннем з нябёс. Святая ікона стала дапамагаць працавітым людзям, была як заступніца пакрыўджанага і выратавальніца пакутуючага, паміраючага чалавека.
Ізбійскі Бор, лясное ўрочышча ў 6 км на паўночны ўсход ад Дзяніскавіч, асвяціла сваім жыватворным святлом Божа Маці.
Ёсць спраўка, якая расказвае аб гісторыі царквы ў Ізбійскім Бары. Манах Бернард, уцякаючы ад прыследванняў уніятаў, схаваў ікону Прачыстай Прасвятой Багародзіцы ў лясным масіве паміж Дзяніскавічамі і Будчай. Гэту ікону знайшоў селянін, які пасвіў кароў і пагубіў іх у лесе. Ён убачыў свет, што сыходзіў з-пад дрэва,— гэта была ікона.
Па даўнему і, як было напісана, недакладнаму паданню, ікона Божай Маці прыснілася аднаму селяніну з вёскі Дзяніскавічы. Багародзіца паведаміла аб гэтым месцы і сказала, што ўсім, хто прыдзе да яе ў Ізбійскі Бор, будзе дапамагаць.
Пра вялікі цуд людзі распавядаюць даўно. У адной з гісторый гаворыцца, што ў Ізбійскім Бары замярзаў паляўнічы. Няшчасце здарылася з чалавекам. Не мог выбрацца з глыбокага снегу. Пачаў маліцца. З’явіўся вобраз Божай Маці. Яна сказала, што ўсім, хто звернецца да яе, будзе дапамагаць. Чалавек той выжыў.
І па сённяшні дзень у Ізбійскі Бор прыязджае многа людзей.
Даўным-даўно ікона Божай Маці з гэтага месца прапала. А вось 15 лістапада 2014 года , распілоўваючы бярозу, якая расла непадалёк ад добра вядомай сасны, куды прыходзяць памаліцца вернікі, на яе спіле дакладна праявіўся лік Божай Маці з немаўлём і крыж. Гэта сапраўдны цуд! Такім чынам ікона вяртаецца да нас.
Свята-Успенская царква
Некалі ў Ізбійскім бары стаяла невялікая царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, куды на Успенне збіралася ўсё духавенства акругі, каб адслужыць малебен.
Першыя дакументальныя сведчанні аб знаходжанні ў дадзеным месцы хрысціянскай святыні датуюцца 1837 годам, калі там знаходзілася ўніяцкая капліца, якая была прыпісана да царквы Пятра і Паўла ў Дзяніскавічах.
Пасля Полацкага сабора 1839 года, на якім было прынята рашэнне аб ліквідацыі ўніяцтва ў краі, відавочна, капліца разам з прыходскай царквою ў Дзяніскавічах была пераведзена ў праваслаўе.
Згодна Кліравай ведамасці за 1865 год становіцца вядома, што Свята-Успенская царква была пабудавана ў 1861 годзе па дазволу Мінскай духоўнай кансісторыі па прыказу №4807 ад 20 чэрвеня 1859 года па просьбе мясцовага свяшчэнніка Людвіга Гарбацэвіча і царкоўнага старасты Герасіма Глеба. Адносна гэтай даты, хутчэй за ўсё пасля пераходу з уніяцтва ў праваслаўе, царква ў 1861 годзе будавалася як новая і па праваслаўным канонам будаўніцтва. Будынак царквы быў драўляным, без званіцы. Царкоўных рэчаў знаходзілася ў дастатковай колькасці. Згодна ўцалелага падмурка можна зрабіць выснову, што яна была прамавугольная ў плане памерам 8 на 10 метраў. Захаваўся каваны крыж з купала.
З Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі за 1879 год можна даведацца, што ў дадзенай царкве знаходзілася ікона Прасвятой Багародзіцы, якая была напісана на драўлянай дошцы памерам 71 на 54 см.
З Кліравай ведамасці 1931 года становіцца вядома, што ў Ізбійскім Бары “знаходзілася моцная царква, пабудаваная ў 1923 годзе”.
Згодна акта “ Аб шкодзе, прынесенай нямецка-фашысцкімі захопнікамі” ад жніўня 1944 года “сама царква разам з званіцай і капліцай бала спалена па невядомым прычынам немцамі пры адступленні 2 ліпеня 1944 года”. Хоць у іншых звестках акупацыйныя войскі да знішчэння царквы ў гэтым урочышчы не маюць ніякага дачынення.
Многія людзі добра памятаюць храм, які быў пабудаваны ў гонар Вялікага Свята Успення Божай Маці. Па просьбах людзей прыхода храма Свяціцеля Ціхана Патрыарха Маскоўскага і ўсея Русі г. Ганцавічы, па благаславенню Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана пачалося будаўніцтва новай капліцы.
16 лістапада 2014 года была закладзена памятная гістарычная грамата ў сцяну алтарнай часткі капліцы ў гонар Прачыстай Божай Маці. Грамата падпісана Архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам, Благачынным цэркваў Ганцавіцкай акругі протаіерэем Пятром Піліпчуком і кіраўніком раёна Аляксандрам Саланевічам. Закладка граматы – гэта як памяць і падзяка Богу, благаславіўшага на адраджэнне на гэтым месцы храма. Капліцу будуюць на ахвяраванне мясцовых жыхароў. 28 жніўня 2015 года богаслужэнне прайшло ў новай царкве.
Закладка падмурака новай капліцы
Будаўніцтва капліцы ў Ізбійскім Бары
Успенне
На свята Успенне ішлі і ехалі сюды не толькі з навакольных вёсак – ішлі з Клецка, Нясвіжа, са Слуцка, з-пад Баранавіч, з Лунінца. А яшчэ гадоў праз колькі пакланіцца святому месцу ішлі з Рэчыцы, з-пад Мінска і Брэста, з-пад Кіева і Палтавы. Служыць малебен у Ізбійскім Бары на дапамогу айцу Людамілу адсюль з’язджаліся да двух дзесяткаў бацюшкаў: яны спявалі псалмы, гаварылі доўгія малітвы, просячы Прасвятую Багародзіцу пашкадаваць усіх грэшных.
Ні ў каго не ўзнікае сумнення, што гэта месца валодае асаблівай сілаю. Людзі прыязджаюць у Ізбійскі Бор памаліцца і пабыць у цішыні. Як адзначае айцец Пётр Піліпчук, пасядзеўшы на лаўцы паўгадзіны, падумаўшы, памаліўшыся – і няма лепшых лекаў. Ціск, галава ці сэрца баліць – усё як рукою здыме. Малітва неаднойчы дапамагала просячым вырашыць жыццёвыя праблемы.
Маліліся спрадвек аб дабрабыце,
Здзяйсняла Маці Божа Запавет,
Сцвярджаючы, вы бліжняга любіце,
Толькі тады шчаслівым будзе свет.
Святлана ШУШКО, метадыст па ахове гісторыка-культурнай
спадчыны Ганцавіцкага раёна.