[bvi]

Дзень роднай мовы ў Доме рамёстваў

18 лютага ў Доме рамёстваў прайшла сустрэча ўдзельнікаў клуба майстроў «Багач» і юных паэтак узорнага літаратурнага аб’яднання «Верасок». Сустрэча была прымеркаванная да Дня роднай мовы, які з 2000 г. адзначаецца паводле рашэння Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА.

З вуснаў Марыі Іванаўны Муха, старшыні клуба майстроў «Багач», якая пераўвасобілася ў сапраўдную казачніцу, прагучалі казкі, запісаныя Аляксандрам Сержпутоўскім у вёсках Ганцавіцкага раёна. Сакавітая мясцовая гаворка, прыпраўленая цікавымі слоўцамі і дасціпнымі жартамі — вось тое сапраўднае багацце, якое мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў.

Радуе тое, што родная мова працягвае жыць, адгукаецца вершамі юных паэтак. І гэта не выпадкова. Дзяўчаты разам з Галінай Мікалаеўнай Пупач, кіраўніцай літаратурнага аб’яднання «Верасок», сваім прыкладам паказваюць, што пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак жа натуральна, як дыхаць.

Мова — гэта не толькі словы ці сказы, а ключ да разумення культурных традыцый народа. На сустрэчы дзяўчаты навучыліся рабіць паяскі на пальцах, а наступным разам папрасілі майстрых навучыць ткаць на кроснах.


Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў
225432 г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 3а
+ 375 1646 22148
facebook.com/crafts.hancaviczy
vk.com/crafts.hancaviczy