[bvi]

Клуб майстроў народнай творчасці «Багач» (Дом рамёстваў) у гасцях у Ганцавіцкага Дома народнай творчасці (в. Ганцавічы)

29 сакавіка Клуб майстроў народнай творчасці «Багач», які працуе пры Доме рамёстваў, пабываў у гасцях у Ганцавіцкага Дома народнай творчасці (в. Ганцавічы).

Сустрэча ў в. Ганцавічы пачалася з сонечнага надвор’я, якое нібы напоўніла новае памяшканне Дома народнай творчасці, і ўсё здавалася святочным і вельмі цёплым: і прыветлівыя словы загадчыцы Дома народнай творчасці Валянціны Васільеўны Занька, і выступы маленькіх выхаванак шматлікіх гурткоў і аб’яднанняў, і вясёлыя песні з глыбокім сэнсам кіраўніка музычнага аматарскага аб’яднання “Церніца” Аксаны Аляксандраўны Зялёнка.

Пасля святочнай праграмы гаспадароў з адказным словам, а дакладней, з песняй, выйшлі і госці – сябры клуба майстроў народнай творчасці «Багач» Лілія Міхайлаўна Вадзюціна і Надзея Цімафееўна Рэкунова. Было відаць па вачах і па тварах вяскоўцаў, што творчасць гэтых энергічных і дабрадушных жанчын ім вельмі да спадобы і кожнае іх слова пранікае ў самую глыбіню, у самае сэрца.

Далей мы пазнаёміліся з некаторымі аматарамі народнай творчасці вёскі Ганцавічы, паглядзелі на цудоўныя работы такіх майстроў як Любоў Герасімаўна Ціхан, Тамара Аляксандраўна Высоцкая, Галіна Іосіфаўна Мелехавец, Таццяна Уладзіміраўна Дацэнка, Таццяна Феліксаўна Аднарал, Анна Дзям’янаўна Блінкоўская, Тамара Пятроўна Зялёнка, Валянціна Васільеўна Занька і шмат іншых.

Удзельнікі клуба майстроў народнай творчасці «Багач» Марыя Іванаўна Муха, Улляна Пятроўна Віннік, Ніна Мікалаеўна Казак і іх сябры Галіна Міхайлаўна Ціхан і Валянціна Іванаўна Чыркуні таксама прывезлі з сабой сваі найлепшая работы.

Гасцінныя гаспадары запрасілі усіх прысутных пакаштаваць гарбаты і салодкай выпечкі. Спачатку абмеркавалі шыкоўныя работы майстроў, пагутарылі пра сумесныя сустрэчы з загадчыкам Аўтаклуба Аляксандрам Аляксандравічам Дулікам, потым згадалі вясёлыя гісторыі з жыцця, пагутарылі пра гаспадарку. І зноў паліліся песні, але нажаль зусім не хапіла часу і трэба было развітвацца з гаспадарамі і ехаць у горад на працу. Але мы, вядома ж, зноў прыедзем да вас, каб ужо ўсё паспець.


Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў
225432 г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 3а
+ 375 1646 22148
facebook.com/crafts.hancaviczy
vk.com/crafts.hancaviczy