Свята дзяцінства “У краіне шчаслівага дзяцінства”
Дарослыя ахоўваюць сваіх дзяцей на працягу ўсяго жыцця, нават калі тыя самі ўжо сталі дарослымі, распасціраючы над іх галовамі сваю нябачную, але так адчуваемую, абарону. І гэта правільна, бо хто, як не самы родны табе чалавек, дапаможа ў цяжкую хвіліну, шчыра парадуецца тваім дасягненням, і заўсёды будзе любіць цябе такім, які ты ёсць… Дзень 1 чэрвеня служыць напамінам, наколькі важна адчуваць гэтую еднасць і падтрымку. І таму заканамерна, што свята дзяцінства, якое праводзілася ў гэты дзень Агарэвіцкім СДК. Ўзорным аматарскім аб’яднаннем “Дайджэст-клуб”, што вось ужо 20 гадоў дзейнічае пры Доме культуры, сабрала шматлікую кагорту як дзяцей, так і дарослых. Гульня і казка, важнейшыя і неад’емныя часткі дзіцячага свету і асноўныя напрамкі дзейнасці “Дайджэст-клуба”, аб’ядналіся ў адзінае цэлае ў праграме свята, якую ўдала вялі ў вобразе казачных персанажаў старэйшыя “дайджэсцяняты” Вольга Сайко і Аляксей Табала. Святочны настрой падтрымвалі юныя спевакі вакальнага гуртка і гуртка сольнага выканання, фэйс-арт ад узорнай студыі выяўленчага мастацтва “З рога ўсяго многа”, а таксама запрошаныя атракцыёны: паветраны палац, батут, машынкі і інш. Спадзяемся, што кавалачак свята захаваўся ў душы кожнага з прысутных.