Жыццё чалавека — тая ж самая песня…
25 жніўня нашаму земляку, пісьменніку Васілю Праскураву споўнілася б 90 гадоў. Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка, якая носіць імя слыннага пісьменніка, арганізавала цыкл мерапрыемстваў у дзень нараджэння Васіля Фёдаравіча Праскурава. Спачатку госці, родныя, прыхільнікі творчасці пісьменніка сабраліся ў бібліятэцы. Дырэктар установы Ала Уладзіміраўна Хваль павітала ўсіх прысутных каля вугалка памяці, прысвечанага пісьменніку. Тут, у бібліятэчнай цішы, шчыра і пранікнёна прагучалі словы: “З Днём нараджэння, Васіль Фёдаравіч!”. Затым удзельнікі мерапрыемстваў усклалі кветкі на магілу пісьменніка, каля мемарыяльнай дошкі, на будынку рэдакцыі раённай газеты “Савецкае Палессе”, дзе рэдактарам да апошніх дзён свайго жыцця працаваў Васіль Праскураў, і наведаліся ў праскураўскі дом. У кінатэатры “Маладосць” адбылася літаратурная вечарына “А жыццё чалавека – тая ж самая песня…”. Раённы краязнаўчы музей і цэнтральная раённая бібліятэка імя В. Праскурава аформілі выставу, дзе былі прадстаўлены шматлікія фотаматэрыялы, дакументы, асабістыя і падораныя Васілю Фёдаравічу кнігі. Падчас мерапрыемства прагучала пра добрага чалавека, таленавітага пісьменніка Васіля Праскурава столькі добрых слоў і ўспамінаў! Дачка Валянціна з хваляваннем успамінала свайго бацьку, які быў эталонам для дзяцей ва ўсім. Ганарыцца сваім дзедам і унук, Васіль Мацвееў, які працягвае справу Васіля Праскурава, ён – журналіст і намеснік галоўнага рэдактара газеты “Рэспубліка”. Выступілі з успамінамі: былы старшыня абласнога аддзялення журналістаў Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч, яго прыемнік – Іван Кузьміч Амяляшчык, калега – Ніна Іванаўна Буйніцкая і інш. Гучалі народныя песні, якія любіў пісьменнік, і песня, на словы Васіля Праскурава, “Плывут в бездонном небе журавли”, якую напісалі і выканалі Святлана Локтыш і Георгій Чыжык.