Сустрэча з Алай Мірзаліевай
18 лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В. Праскурава адбылася творчая сустрэча “Зарыфмоўваю вобразы-словы…”, прымеркаваная да юбілею паэткі з вёскі Агарэвічы Алы Мірзаліевай.
Прыхільнікам паэзіі добра вядома творчасць гэтай жанчыны. Некалькі гадоў таму ў бібліятэцы быў выдадзены яе першы, і пакуль адзіны, зборнік вершаў “Снег, адчай і ліловыя цені…”. Ала Мірзаліева не толькі піша добрыя вершы, яна яшчэ і таленавіты педагог, кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва «З рога ўсяго многа», што дзейнічае пры Агарэвіцкім СДК.
Павіншаваць жанчыну з юбілейнай датай сабралася шмат гасцей. Добрыя словы ў адрас юбіляркі выказалі: паэтка Святлана Локтыш, якая рэдагавала паэтычны зборнік “Снег, адчай і ліловыя цені…”, Ала Шаматульская, мастацкі кіраўнік Агарэвіцкага СДК , Таццяна Канановіч і Валянціна Дзікляева, сяброўкі і былыя калегі.
Юныя ўдзельніцы гуртка «З рога ўсяго многа» сястрычкі Ліза і Насця Мінічы, Каця Волах парадавалі прысутных музычнымі нумарамі. Вершаваныя віншаванні атрымала Ала Мірзаліева ад Валянціны Віннік і Валянціны Тарановіч, наведвальніц тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Мерапрыемства прайшло ў цёплай, святочнай атмасферы за кубачкам гарбаты. Аб шматгранным таленце Алы Мірзаліевай сведчыла выстава яе творчых работ «Майстэрства рук і сэрца».