Канцэрт на даму “Мы да Вас з душой і песняй” да Дня інвалідаў
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі больш, чым хто іншы, адчуваюць патрэбу ў добрым слове, чалавечай увазе і цеплыні. Менавіта часцінкай душэўнай цеплыні, з дапамогай прыгожай песні і невялікіх сувеніраў, зробленых рукамі дзяцей, хацелі падзяліцца самадзейныя артысты Агарэвіцкага сельскага Дома культуры, наведаўшы Ядзвігу Уладзіміраўну Сапон і сям’ю Святланы Фёдараўны Равінскай з яе дачкой Алёнкай, данесці, што іх помняць і любяць.
Ядзвіга Уладзіміраўна, заўсёды цаніўшая добрую песню, аказалася яшчэ і цікавай суразмоўцай, з гумарам успамінаючы эпізоды з жыцця, цікавыя паездкі, нялёгкія працоўныя будні і сапраўды народныя святы. А яшчэ прыемна было пачуць, што яна знаходзіцца ў курсе галоўных падзей краіны і вёскі, чытае газеты, часопісы.
Знаходзячыся ў гасцях у Святланы Фёдараўны, мы адчулі, з якой бясконцай любоўю і цеплынёй яна клапоціцца пра сваю дачушку, як стараецца ўпрыгожыць і па магчымасці разнастаіць яе асабісты свет, як неверагодна разумее па руху, гуку, позірку прыгожых карых вачэй дзяўчынкі яе жаданні, настрой.
Ведаючы, што Алёнка вельмі любіць лялькі, маленькія мастакі, наведвальнікі гурткоў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Дома культуры, спецыяльна для яе намалявалі добрых усмешлівых чалавечкаў, тым самым падзяліўшыся з ёй часцінкай свайго незвычайнага, чыстага дзіцячага свету.