[bvi]

Выстаўка Андрыяна Жудро “Прыгажуні і Іерусалім”

З 14 снежня ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі пачынае работу выстаўка ізраільскага мастака Андрыяна Жудро “Прыгажуні і Іерусалім” — сапраўдны навагодні падарунак для ганцаўчан!

Работы Андрыяна Жудро дастаткова вядомыя ў сусветнай музейнай прасторы і маюцца ў многіх прыватных калекцыях Еўропы, Амерыкі, Азіі.

Андрыян Жудро нарадзіўся ў горадзе Баранавічы. Закончыў аддзяленне жывапісу Мінскага мастацкага вучылішча імя А. Глебава, вучыўся на аддзяленні дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Да пераезду ў Ізраіль жыў і працаваў у расійскім горадзе Хабараўску. Меў студыю ад Саюза мастакоў Хабараўскага краю. У Ізраілі з 1999 года. Член аб’яднання прафесійных мастакоў Ізраіля. Жыве і працуе ў горадзе Халоне. Жонка — вядомая ізраільская мастачка Ганна Зарніцкая.

На выстаўцы ў музеі прадстаўлены 32 работы — копіі “жыкле на палатне”. Галоўнае месца аддадзена партрэту — аднаму з любімых жанраў мастака. Асаблівую частку складаюць карціны, якія адлюстроўваюць нацыянальную своеасаблівасць Дзяржавы Ізраіль, у гэтым выпадку йеменскіх яўрэяў. Культура гэтай этнічнай групы ўзрушыла Андрыяна Жудро ў час наведвання выстаўкі ювелірных вырабаў йеменскіх яўрэяў у Музеі Ізраіля. Мастак едзе ў Йеменскае пасяленне, якое размяшчаецца недалёка ад Іерусаліма, назірае за адным з самых прыгожых у любой культуры абрадаў — падрыхтоўкай нявесты да вяселля, — і адлюстроўвае  гэты момант на сваіх палотнах. Ад статных йеменскіх прыгажунь у святочных     уборах немагчыма адарваць позірк.

На выстаўцы вы ўбачыце партрэт Бэлы Шагал, партрэт жонкі мастака Ганны Зарніцкай, зямлю запаветную — Ізраіль.

Карціны мастака знаходзяцца  ў Нацыянальным мастацкім  і Нацыянальным гістарычным музеях Рэспублікі Беларусь.

Выстаўка працягнецца да лютага 2017 года.

ж