[bvi]

Дзень адкрытых дзвярэй у Доме рамёстваў

Авалодаць старажытным майстэрствам ткацтва на кроснах, даведацца пра старадаўнія танцы ды гульні, паглядзець на прадстаўленне традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра «Батлейка», пазнаёміцца са знанымі мясцовымі майстрамі і даведацца шмат чаго іншага вы зможаце, калі завітаеце ў Дом рамёстваў.

4 лютага а 14 гадзіне, Дом рамёстваў, запрашае на Дзень адкрытых дзвярэй. Шмат цікавых заняткаў тут знойдуць для сябе як дарослыя, так і дзеці. Варта адзначыць, што ўсе заняткі ў гуртках бясплатныя.

Дарэчы, дарослых людзей, якія займаюцца традыцыйнымі рамёствамі і сучаснымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, самадзейных мастакоў, з задавальненнем будуць чакаць у клубе майстроў народнай творчасці «Багач» . На сённяшні дзень сябрамі клуба з’яўляюцца 25 народных умельцаў і носьбітаў традыцыйнай культуры. Галоўная мэта клубу – захаванне, развіццё і папулярызацыя традыцыйных рамёстваў.

У ткацкай майстэрні «Кросны» можна навучыцца ткаць посцілкі, ручнікі, паясы, а таксама разнастайныя бранзалеты, торбачкі, пано.

Для дзяцей і падлеткаў цікавасць выклікае этнаграфічны клуб «Рух» і гурток ручнога ткацтва «ткачО.К.» Удзельнікі клуба «Рух» знаёмяцца з традыцыямі, абрадамі, святамі, песнямі, танцамі ды гульнямі роднага краю. А вось у гуртку «ткачО.К.» вас навучаць ткаць і плесці на дошчачках, на ніце, на бердзечку, на кроснах, на пальцах, на прутку, на сцяне прыгожыя паяскі.

Дзіўным светам вобразаў і фарбаў зачаруе творчая майстэрня «Рукатвор» – гэта і роспіс па дрэве, маляваныя карціны на шкле.

У чароўны казачны свет і дзяцей, і дарослых запрашае лялечны тэатр «Батлейка» .

Словам, зірнуўшы ў раённы Дом рамёстваў, вы адкрыеце для сябе шмат новага і цікавага, знойдзеце сяброў і аднадумцаў, авалодаеце сакрэтамі, якімі калісьці карысталіся нашы мудрыя продкі. Запрашаем!


Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў
225432 г. Ганцавічы, вул. Суворава, 2
+ 375 1646 22148
facebook.com/crafts.hancaviczy
vk.com/crafts.hancaviczy
ok.ru/crafts.hancaviczy
instagram.com/crafts.house