[bvi]

Удзел у абласным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах «Пралескі»

Абласны конкурс выканаўцаў на народных інструментах “Пралескі” ў сямнаццаты раз сабраў  таленавітую моладзь Брэстчыны.

Конкурс, які ўжо стаў традыцыйным, праходзіў на мінулым тыдні ў Брэсце. Ганцаўшчыну на ім прадстаўлялі сем рабят — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.

Трэба адзначыць даволі высокі ўзровень конкурсу “Пралескі”. У склад журы ўваходзілі вядомыя артысты Беларусі, прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншыя. Прыемна, што нашы рабяты прадэманстравалі сапраўднае майстэрства ігры на народных музычных інструментах і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Так, у сярэдняй узроставай групе сярод 18 удзельнікаў другое месца ў намінацыі “цымбалы” заняла Ірына Шуляк (настаўнік — Наталля Лынша, канцэртмайстар — Вольга Ціхановіч). А ў малодшай узроставай групе (удзельнічалі 23 чалавекі) таксама ў намінацыі “цымбалы” трэцім стаў Аляксандр Івановіч (настаўнік — Любоў Занька, канцэртмайстар — Ірына Кавалеўская).

Добра выступілі і іншыя ганцавіцкія музыканты. За якасную падрыхтоўку да конкурсу ў намінацыі “баян” граматамі адзначаны Алеся Калесніковіч (настаўнік — Аксана Крысюк), Аліна Жук (настаўнік — Ірына Шэмет) і Максім Патраўны (настаўнік — Наталля Макаед), а ў намінацыі “гітара” — Іван Афрамееў і Андрэй Кармановіч (настаўнік — Іван Чарнецкі).

Усе гэтыя рабяты заўсёды з задавальненнем прадстаўляюць дзіцячую школу мастацтваў на разнастайных абласных і рэспубліканскіх конкурсах і паказваюць добрыя вынікі.

Кіраўніцтва дзіцячай школы мастацтваў выказвае шчырую падзяку аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за магчымасць удзельнічаць у гэтым конкурсе.