Праект “Галерэя майстроў”
Дом рамёстваў разам з Рэдакцыяй раённай газеты “Савецкае Палессе” працягвае сумесны праект “Галерэя майстроў”. У гэты раз Дом рамёстваў разам з народным клубам майстроў народнай творчасці “Багач” 9 студзеня завіталі ў госці да майстра па вышыўцы і карункапляценню Надзеі Васільеўны Ярашэвіч з вёскі Хатынічы, якая ў гэты дзень адзначала свой Дзень нараджэння.Павіншаваць яе прыйшлі кіраўнік народнага клуба “Багач” Галіна Савеня, а таксама яго ўдзельнікі: Ніна Казак, Марыя Муха, Галіна Пупач і сябра клуба Лілія Казак.
Падчас цёплай сустрэчы Надзея Васільеўна пазнаёміла гасцей са сваёй творчасцю. У калекцыя Надзеі Васільеўны каля пяцідзесяці ручнікоў, якія яна вышывае цяпер і яшчэ столькі ж ранейшых: тканых і вышытых гладдзю. Пачынала яна вышываць яшчэ вучаніцаю, вучылася ў сваёй маці, суседкі. І зараз не можа пражыць ні дня без вышывання, таму цяжка ёй прыходзіцца ў гэтыя святочныя дні.