
Удзел у абласным свяце роднай мовы «Жывыя вытокі»
21 лютага Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў разам з дзіцячым фальклорным калектывам “Раўчукі” народным фальклорна-этнаграфічным гуртом “Завіца” Раздзялавіцкага СДК парадставілі Ганцавіцкі раён на абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое прайшло ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры.
Мэтай гэтага свята з’яўляецца прыцягненне найбольшай увагі грамадства да роднай мовы, а таксама павышэнне цікавасці да лепшых традыцый нацыянальнага адзення, знаёмства з асаблівасцямі традыцыйнага касцюма Брэстчыны.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя фотакаталога “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны”, у якім сабрана больш за 100 арыгінальных касцюмаў з 15 раёнаў вобласці, у тым ліку Ганцавіцкага раёна. Таксама была злажана выстава адноўленых і стылізаваных строяў, дзе Ганцавіцкі і Маларыцкі раёны прадставілі свае калекцыі адзення. Ад Ганцавіцкага раёна калекцыю стылізаваных касцюмаў прадставілі майстры Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў. Тканыя ці вышываныя жаночыя і мужчынскія сарочкі, спадніцы, паясы, заплечнікі і торбы – ўсё гэта змаглі ўбачыць наведвальнікі выставы. За захаванне і папулярызацыю народных строяў і ўдзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі” Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў быў узнагроджаны Ганаровай граматай.
У межах свята роднай мовы адбыўся этнаграфічны канцэрт-паказ аўтэнтычных і адноўленых касцюмаў “Модны стыль – народны тэкстыль”. Для гледача гэта была ўнікальная магчымасць убачыць каля 200 народных касцюмаў і непаўторных элементаў самабытнага адзення. Адмысловае адзенне, багата арнаментаванае абярэжнымі ўзорамі, прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыва “Раўчукі” (кіраўнік Раман Сімановіч) Раздзялавіцкага СДК: Дзіяна Варвашэвіч, Таццяна Рабцэвіч, Яна Русакевіч, Вераніка Купрэйчык, Ангеліна Крупеніч, Алёна Васілевіч, Юлія Валуевіч, Яўген Ланец і Андрэй Рабцэвіч пад самабытныя спевы народнага фальклорнага-этнаграфічнага гурта “Завіца” (кіраўнік Людміла Рабцэвіч) Раздзялавіцкага СДК, падчас дзівоснай вясельнай традыцыі, якая дайшла да нашых дзён — апрананне маладой.
Напрыканцы свята ўдзельнікі этнаграфічнага канцэрта-паказу аўтэнтычных і адноўленых касцюмаў “Модны стыль – народны тэкстыль” Ганцавіцкага раёна былі ўзнагароджаны Ганаровай граматай за захаванне і папулярызацыю народных строяў і ўдзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”. Ганаровай граматай за актыўны ўдзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі” таксама быў узнагароджаны Народны фальклорны-этнаграфічны гурт “Завіца” Раздзялавіцкага СДК (кіраўнік Людміла Рабцэвіч).