[bvi]

Персанальная выстава Віталя Шэпялевіча “Сімфонія зямлі і полымя”

 23 сакавіка ў выставачнай зале Дома рамёстваў адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы ганчара, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Віталя Шэпялевіча пад назвай “Сімфонія зямлі і полымя”.

Віталь Шэпялевіч – ганчар, які плённа прадаўжае і развівае багатыя традыцыі ганчарнага рамяства, удасканальвае ўсё лепшае, выпрацаванае папярэднімі пакаленнямі, зыходзячы з мясцовых традыцый, звычаяў і асабістага густу.

У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 100 разнастайных прадметаў вырабленых майстрам у розных тэхніках: чорназдымленай, малачонай, гартаванай або абварной, глазураванай. Гэта і самы разнастайны посуд для прыгатавання ежы і захавання прадуктаў, і розныя арыгінальныя мастацкія рэчы для ўпрыгожвання побыту.

Падчас творчай сустрэчы з ганчаром наведвальнікі выставы пераканаліся, што кожны выраб майстра па-свойму непаўторны і прыцягвае сваёй прастатой і вытанчанасцю, што дасягнута дзякуючы высокаму ўзроўню майстэрства ганчара і творчаму падыходу да ганчарнай справы.

На прыканцы мерапрыемства Віталь Шэпялевіч правёў майстар-клас на ганчарным крузе на вырабе глінянага гаршка. Праца рукамі на ганчарным крузе развівае дробную маторыку, здымае эмацыянальнае напружанне, стрэс, дорыць радасць і велізарнае задавальненне ад працы. Не ўпусціце магчымасць пазнаёміцца з сакрэтамі ганчарнай справы падчас майстар-класаў ад Віталя Шэпялевіча, якія пройдуць 13 і 14 красавіка ў Доме рамёстваў.

Выстава “Сімфонія зямлі і полымя” – гэта ўнікальны шанец пашырыць свае веды ў галіне творчасці, дзе чатыры стыхіі зліваюцца ў адзінае цэлае. Таму запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу, якая будзе даступна да 30 красавіка.

Кошт 50 капеек.

Падрабязней можна даведацца па тэлефоне 2-21-48