+375 (1646) 2-15-45

email: gnckult@mail.ru

У Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў прайшло раённае свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач”.

29 верасня ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў прайшло раённае свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач”.

         У рамках свята арганізатары зладзілі старажытны абрад завяршэння збору ўраджаю з аднаіменнай назвай “Багач”. Згодна з народным календаром, свята прымеркавана да дня асенняга раўнадзенства. Каля сотні чалавек сталі не проста гледачамі, але і ўдзельнікамі старажытнага абраду на восеньскім свяце ў Доме рамёстваў. Гасцям  былі прапанаваны мяшэчні з зернем, таму кожны жадаючы меў магчымасць далучыцца да абраду і насыпаць жыта ў лубок, забяспечыўшы сабе дабрабыт у наступным годзе. Пасля таго, як зерне ссыпалі ў агульны “багач”, у ім запалілі свечку ды з традыцыйнымі дажыначнымі спевамі абнеслі яго ўсёй грамадой вакол Дома рамёстваў, так як некалі рабілі і нашы продкі, абыходзячы з “багачом” вёску.

        Акрамя самой традыцыі арганізатары свята падрыхтавалі багатую праграму: майстар-класы па народных рамёствах, канцэрты дзіцячых і дарослых фальклорных калектываў, майстар-клас па народным танцам.

        У гэтым годзе ўдзел у свяце прынялі як вакальныя, так і інструментальныя калектывы нашага раёна. Урачыстыя жніўныя, дажыначныя і восеньскія спевы, якія нашыя продкі выконвалі пад час святкавання Багача, прагучалі ад дзіцячага фальклорнага калектыву “Крынічка” з вёскі Хатынічы, дарослых народных фальклорна-этнаграфічных гуртоў “Хатовічы” з вёскі Хатынічы і “Раўчукі” з вёскі Раздзялавічы, ансамбля народнай песні “Каляда” з вёскі Агарэвічы і ўдзельнікаў хора ветэранаў.

   Усе хто ў гэты восеньскі дзень прыйшлі ў Дом рамёстваў, змаглі адчуць сапраўды святочную атмасферу, дзякуючы выступленням інструментальных калектываў Дзіцячай школы мастацтваў горада Ганцавічы: ансамбля народнай музыкі “Спадчына” і  узорны ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі”.

   Для дзяцей і дарослых былі арганізаваны майстар-класы па лепцы з гліны, па ткацтве, па выцінанцы і вырабу традыцыйнай лялькі. Працавала дзіцячая гульнёвая пляцоўка, з беларускімі народнымі гульнямі на вольным паветры, а таксама наведвальнікі свята маглі пачаставацца гарбатай з розных зёлак і блінамі з варэннем.

  У рамках свята народнай творчасці і рамёстваў госці мелі магчымасць пазнаёміцца з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва падчас выставы-кірмашу, якую зладзілі ўдзельнікі народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” разам з яго кіраўніком Галінай Савеня.