Удзел раённага дома рамёстваў у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі у г.Магілёве
10-12 кастрычніка ў горадзе Магілёў прайшоў V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Галоўнай мэтай форуму стала абмеркаванне развіцця беларуска-расійскіх рэгіянальных сувязей.
У першы дзень працы форуму для ўдзельнікаў была падрыхтавана культурная праграма, у рамках якой яны наведалі тэатральную пастаноўку.
У другі дзень прайшлі секцыйныя пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама пятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, падчас якіх быў падпісаны шэраг камерцыйных кантрактаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі.
Адной з падзей другога дня форуму стала ўрачыстае адкрыццё выставы-кірмашу рамёстваў “Горад майстроў”, дзе сваю прадукцыю прадставілі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі. Адкрылі выставу-кірмаш старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Матвіенка і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
На выставе-кірмашы была прадстаўлена народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць усіх рэгіёнаў нашай краіны, а таксама 16 регіёнаў Расіі. Экспазіцыя размясцілася на трох тэматычных вуліцах: “Беларуская”, “Руская”, “Сябрына творчасці і майстэрства”.
На вуліцы “Беларуская” традыцыйныя віды рамёстваў ва ўсёй іх багатай разнастайнасці прадэманстравалі майстры Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў.
Сваю творчасць у “Горадзе майстроў” прадставілі: народны майстар РБ па ткацтве Ніна Казак, ганчар Віталій Шэпялевіч, майстар па мастацкай апрацоўцы дрэва Аляксандр Свірыд, майстар па традыцыйным роспісе Вольга Івановіч, майстар па ткацтве Алена Цялушка. Народны клуб майстроў народнай творчасці “Багач” на выставе прадставіла Маргарыта Саланевіч.
“Горад майстроў” сабраў тысячы гасцей, якія мелі выдатную магчымасць не толькі пазнаёміцца з сувенірнай прадукцыяй і набыць яе, але і прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйным рамёствам.
На працягу ўсіх дзён працы выставы-кірмашу была арганізавана канцэртная праграма “Садружнасць культур — садружнасць народаў” з удзелам аматарскіх калектываў Беларусі і Расіі.
Завяршыўся форум пятым пленарным пасяджэннем на тэму “Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва”, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі дзвюх дзяржаў А.Р. Лукашэнка і У.У. Пуцін.
Па выніках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана больш за 70 новых пагадненняў паміж беларускімі абласцямі і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі на 500 мільёнаў долараў.
Але ж важна адзначыць, што поспех юбілейнага V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі вымяраецца не толькі колькасцю падпісаных кантрактаў, але і тым, што Магілёў стаў сапраўдным цэнтрам свята і расійска-беларускага сяброўства.