[bvi]

Калядная сустрэча “Шчодры вечар”

У мінулую суботу 12 студзеня ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў адбылася ўжо традыцыйная для нашага раёна калядная сустрэча “Шчодры вечар”.

На Ганцаўшчыне ў кожнай вёсцы захаваліся свае багатыя традыцыі каляднага свята, унікальныя і непаўторныя. Таму галоўнай мэтай сустрэчы стала імкненне паказаць адметнасць каляднай абраднасці ў вёсках нашага раёна. Так на працягу гадзіны ў жывой нязмушанай атмасферы традыцыі святкавання Каляд у сваёй мясцовасці прадставілі ўдзельнікі дзіцячых фальклорных калектываў з вёскі Люсіна, “Крынічка” з вёскі Хатынічы, а таксама “Раўчукі” з вёскі Раздзялавічы. Выступленне кожнага калектыву ўразіла гледачоў сваёй самабытнасцю і арыгінальнасцю. 

Калядная сустрэча, як і заўсёды, выклікала цікавасць не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Наведвальнікі мерапрыемства прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабе каляднай зоркі і маскі — галоўных калядных сімвалаў. А сапраўдную святочную атмасферу госці свята адчулі падчас паказу каляднай дзеі “Батлеемскія цуды” традыцыйнага лялечнага тэатра “Батлейка”.

На працягу ўсяго свята панаваў добры настрой і атмасфера традыцыйнага святкавання Каляд.