[bvi]

Фотавыстава «ГАНЦАВІЧЫ-2015. Фотасправаздача па матэрыялах летняй экспедыцыі»

16 красавіка а 14:00 у памяшканні кінатэатра «Маладосць» (вул. Кастрычніцкая, 18) адбудзецца прэзентацыя фотавыставы «ГАНЦАВІЧЫ-2015». Фотасправаздача па матэрыялах летняй экспедыцыі.

У чэрвені-ліпені 2015 г. РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» зладзіла этнаграфічную экспедыцыю ў Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, якая ахапіла ўсе населеныя пункты Ганцавіцкага, а таксама асобныя вёскі Клецкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага і Салігорскага раёнаў. Галоўнай мэтай выправы было вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры, збор інфармацыі па фальклоры, а таксама пошук носьбітаў традыцыі з мэтай навучання. У экспедыцыі ўзяло ўдзел каля 30 чалавек, сярод якіх людзі розных узростаў і прафесій: этнографы, праграмісты, мастакі, студэнты, а таксама маладыя даследчыкі з Польшчы і Літвы. За тры тыдні працы ўдзельнікі выправы сабралі багаты аўдыа, відэа і фота матэрыял. Раён даследавання ўразіў добрай захаванасцю традыцыйнай культуры: мясцовыя старажылы яшчэ памятаюць абрадавыя і бяседныя песні, з ахвотай распавядаюць пра гісторыю і звычаі сваёй мясцовасці, а таксама з пашанай захоўваюць рэчы, якія тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне: ручнікі і посцілкі, элементы традыцыйнага строю.

У лістападзе 2015 г. дадзеная выстава экспанавалася ў памяшканні РМГА «СЭТ» у г. Мінску. Цяпер пазнаёміцца з ёй маюць магчымасць і жыхары Ганцавіцкага раёна.

Афіша (выстава Ганцавічы-2015)