Семінар па выніках этнаграфічнай экспедыцыі «Ганцавічы-2015»
Запрашаем на семінар па выніках этнаграфічнай экспедыцыі РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» «Ганцавічы-2015».
У чэрвені-ліпені 2015 г. РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» зладзіла этнаграфічную экспедыцыю ў Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, якая ахапіла ўсе населеныя пункты Ганцавіцкага, а таксама асобныя вёскі Клецкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага і Салігорскага раёнаў. Галоўнай мэтай выправы было вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры, збор інфармацыі па фальклоры, а таксама пошук носьбітаў традыцыі з мэтай навучання. У экспедыцыі ўзяло ўдзел каля 30 чалавек, сярод якіх людзі розных узростаў і прафесій: этнографы, праграмісты, мастакі, студэнты, а таксама маладыя даследчыкі з Польшчы і Літвы. За тры тыдні працы ўдзельнікі выправы сабралі багаты аўдыа, відэа і фота матэрыял. Раён даследавання ўразіў добрай захаванасцю традыцыйнай культуры: мясцовыя старажылы яшчэ памятаюць абрадавыя і бяседныя песні, з ахвотай распавядаюць пра гісторыю і звычаі сваёй мясцовасці, а таксама з пашанай захоўваюць рэчы, якія тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне: ручнікі і посцілкі, элементы традыцыйнага строю. Семінар ставіць за мэту не толькі знаёмства супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі раёна, а таксама ўсіх зацікаўленых асоб з дзейнасцю РМГА «СЭТ» і вынікамі этнаграфічнай экспедыцыі «Ганцавічы-2015», але і абмеркаванне магчымых спосабаў выкарыстання сабраных матэрыялаў, сумесных праектаў ды інш. З часу свайго заснавання Таварыства правяло больш за 20 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, стварыла ўласны навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Фальклорна-этнаграфічны архіў СЭТ налічвае каля 2 тыс. гадзін аўдыё- і відэазапісаў, больш за 50 тыс. фотаздымкаў. З 2014 г. СЭТ афіцыйна акрэдытаванае пры ЮНЭСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны. Таварыства мае не толькі багаты досвед працы па вывучэнні традыцыйнай культуры, але і актыўна займаецца яе перайманнем і актуалізацыяй у сучасным (збольшага гарадскім) асяроддзі. У дадатку знаходзіцца праграма семінара. Заклікаем актыўна ўключацца ў працу, выказваць сваё меркаванне, задаваць пытанні, рабіць прапановы!
Семінар будзе праходзіць у будынку кінатэатра «Маладосць» (г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 18) 16 красавіка. Пачатак аб 11:00. З пытаннямі па арганізацыі і правядзенні семінара звяртайцеся ў Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў (г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 3а; тэл. +375 1646 22148; crafts.hancaviczy@gmail.com).
ПРАГРАМА
11:00 – 11:15- Рэгістрацыя ўдзельнікаў
11:15 – 11:25- Прэзентацыя РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» Марыя Лук’янава
11:25 – 11:45 — Этнаграфічныя экспедыцыі як накірунак дзейнасці РМГА «СЭТ». Падрыхтоўка, правядзенне і вынікі экспедыцыі «Ганцавічы-2015» Марыя Лук’янава
11:45 – 12:10- Вынікі экспедыцыі «Ганцавічы-2015»: фальклор (святы і абрады, спеўная культура, казкі, загадкі ды інш.), знахарства і чараўніцтва Сяргей Макарэвіч
12:10 – 12:35- Вынікі экспедыцыі «Ганцавічы-2015»: рамёствы, адзенне Аляксандра Духноўская
12:35 – 13:00- Вынікі экспедыцыі «Ганцавічы-2015»: інстру-ментальная музыка і танцы
Аляксей Крукоўскі
13:00 – 13:20- Кава-паўза
13:20 – 13:30- Прэзентацыя фотавыставы «Ганцавічы-2015. Фотасправаздача па матэрыялах летняй экспедыцыі» Марыя Лук’янава
13:30 – 14:00- Выкарыстанне сабраных звестак. Прапановы па рэалізацыі сумесных праектаў. Абмен меркаваннямі. Пытанні.
14:00 – 14:15— Падвядзенне вынікаў семінара.
* У праграме магчымыя змены і дапаўненні