[bvi]

Раённы дом рамёстваў на «Ягелонскім кірмашы» ў польскім горадзе Любліне

17-19 жніўня ў польскім горадзе Любліне прайшоў традыцыйны кірмаш рамёстваў “Ягелонскі кірмаш”. Па сваёй ідэі ён паходзіць ад вядомых Люблінскіх кірмашоў, якія на рубяжы XV i XVI стагоддзяў былі аднымі з самых славутых міжнародных гандлёвых падзеяў. 

Ягелонскі кірмаш — гэта мастацка-гандлёвае мерапрыемства, якое паводле сваёй формулы спалучае прэзентацыю рамесніцкіх і ручных традыцыйных вырабаў з Польшчы, Украіны, Беларусі і іншых краін з багатай мастацкай праграмай. Падчас кірмашу былі арганізаваны шматлікія выставы, майстар-класы, экскурсіі, канцэрты. 

Кожны год у Любліне збіраецца некалькі сотняў майстроў з суседніх усходніх краін Польшчы, каб паказаць сваю традыцыйную культуру, свае арыгінальныя і ўнікальныя вырабы ручной работы.

Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў у гэтым годзе  на “Ягелонскім кірмашы” прадставіла майстар па мастацкім роспісе Вольга Івановіч. Майстар прадэманстравала вырабы народнага дэкаратыўнага малявання як аднаго з традыцыйных відаў народнай творчасці. Гэта і маляваныя дываны, роспіс па дрэве, тканіне, набіўкі і шмат чаго іншага.

Ягелонскі кірмаш ў Любліне — гэта не толькі свята творчасці, але і магчымасць абмену вопытам між майстрамі, сродак наладжвання дыялогу паміж краінамі.