[bvi]

Раённае свята «Багач»

     Раённае свята народнай творчасці і рамёстваў

у межах года малой Радзімы

БАГАЧ 

 

29 верасня а 12:00 у Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў (вул. Суворава, 2) адбудзецца раённае свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач” у межах года малой Радзімы. Мэтай правядзення мерапрыемства з’яўляецца захаванне, падтрымка, актуалізацыя і папулярызацыя рэгіянальнай і лакальнай традыцыйнай нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў.

Менавіта ад нас залежыць захаванне ўнiкальнага асяроддзя традыцыйнай культуры, якая з’яўляецца нацыянальным набыткам, даўно страчаным многімі еўрапейскімі народамі з-за наступу навукова-тэхнічнага прагрэсу. Традыцыйная народная творчасць – не толькі гістарычны скарб, але і жывая з’ява  сённяшніх дзён. Ёю можна з поўным правам ганачыцца, але і адначасова прымаць меры па  зберажэнні і адраджэнні. 

Запрашаем для ўдзелу ў свяце діцячыя і дарослыя фальклорныя калектывы, а таксама асобных выканаўцаў народнай музыкі і танцаў, майстроў народнай творчасці.

Свята пройдзе ў жывой нязмушанай атмасферы, дзе ўдзельнікі гуртоў і асобныя выканаўцы прадставяць абрады, спевы, танцы ды іншыя складнікі традыцыйнай культуры. Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца абрад Багач, які  скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, сямейнага ладу. У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага запальвання хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце.

Для ўдзельнікаў і гасцей свята распрацавана цікавая і разнастайная праграма: інтэрактыўная фотазона, майстар-класы, дзіцячая пляцоўка з гульнямі і прызамі, беларуская кухня, канцэрт і танцы. Падчас мерапрыемства будзе працаваць рынак рамеснікаў, дзе можна набыць прыгожыя падарункі і сувеніры.

Акрамя гэтага падчас свята пройдзе ўрачыстае адкрыццё выставы вышытых абразоў да свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы, а таксама будуць узнагароджаны пераможцы і ўдзельнікі выставы малюнкаў і фотаздымкаў “Спадчына” да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін у межах года малой Радзімы і 120-годдзя заснавання горада Ганцавічы.

Запрашаем усіх жадаючых далучыцца  да раённага свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач”.

Уваход вольны