[bvi]

Паседжанне народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” і ўрачыстае адкрыццё выставы “Таленты Багача”.

       9 сакавіка ў выставачнай зале Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў адбылося адкрытае паседжанне народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” і ўрачыстае адкрыццё выставы “Таленты Багача”.
         Клуб майстроў народнай творчасці “Багач” быў створаны ў 1996 годзе. У яго склад уваходзяць 25 самадзейных майстроў, розных па ўзросце, прафесіі і кірунку народнай творчасці, але ўсіх іх аб’ядноўваюць энтузіазм і вялікая любоў да беларускай народнай спадчыны. Трое ўдзельнікаў клуба маюць ганаровае званне “Народны майстар Беларусі” – ткачыхі Віннік Ульяна Пятроўна і Казак Ніна Мікалаеўна, а таксама ганчар Шэпялевіч Віталій Леанідавіч. Членам Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца майстар па вышыўцы Муха Марыя Іванаўна. Усе разам яны  працягваюць і памнажаюць старадаўнія рамесныя традыцыі Ганцаўшчыны. Дзякуючы клубу майстроў, на тэрыторыі нашага раёна паспяхова адраджаюцца такія раней забытыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як маляванне дываноў, ткацтва рушнікоў, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, выцінанка, ганчарства, разьба па дрэве, пляценне павукоў і кошыкаў, аплікацыі з саломкі.

       Клуб майстроў вядомы далёка за межамі раёна дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў мерапрыемствах на міжнародным, рэспубліканскім і абласным узроўні, і канечне ж, майстэрству народных умельцаў.

        У кастрычніку 2016 года за змястоўную работу па падтрымцы народнага мастацтва клубу майстроў народнай творчасці “Багач” было прысвоена ганаровае званне “народны”.

         А на мінулым тыдні народны клуб майстроў народнай творчасці “Багач” праходзіў экзамен на пацвярджэнне звання “народны”.  І для таго, каб вынесці вердыкт, у наш раён завіталі вядучы метадыст аддзела аматарскай творчасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Зоя Аляксандраўна Нічык, вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марына Сяргееўна Сёмышава, вядучы метадыст аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Валянціна Мікалаеўна Курэша. Суправаджалі гасцей намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Вітальевіч Сарокаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама Віктар Міхайлавіч Супрун і метадыст па аматарскім аб’яднанням раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Мікалай Дзмітрыевіч Ленкавец.

       У гэты дзень таленавітыя майстры Ганцаўшчыны прадставілі на выставе вырабы, выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод  іх маляванне дываноў, ткацтва рушнікоў, посцілак, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, ганчарства, разьба па дрэве, саломапляценне, жывапіс, выраб традыцыйнай лялькі і шмат чаго іншага. Народныя ўмельцы далі магчымасць прысутным пазнаёміцца з вынікамі сваёй дзейнасці, расказалі пра сябе і пра сваю дзейнасць. Акрамя гэтага, удзельнікі народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” уразілі гасцей спевамі і паказам батлеечнага прадстаўлення традыцыйнага лялечнага тэатра.

         Падчас пасяджэння прысутныя атрымалі зарад выдатнага настрою і шчырай весялосці. Мерапрыемства стала не толькі своеасаблівай творчай справаздачай клуба майстроў, але і сапраўдным незабыўным святам.

        

Наталля Білімава

малодшы навуковы супрацоўнік

Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў