Жніво пачалі па-сялянску
Па-сялянску, абрадам “Зажынкі” пачалося жніво ў ААТ “Адраджэнне” у аг.Раздзялавічы.
На хлебнай ніве загучалі песні жней, якім гаспадар і гаспадыня далі згоду пачаць жатву. Пад мясцовыя песні ўдзельнікаў народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыву “Завіца” і дзіцячага фальклорнага калектыву “Раўчукі”, залатыя пшанічныя каласы ляглі ў снапы. Разам са жнейкамі на поле з косамі выйшлі дырэктар Макарскі Валерый Міхайлавіч і лепшы камбайнер гаспадаркі Кісялевіч Сяргей Іванавіч з сынамі Генадзем і Паўлам.
Першы хлебны сноп, упрыгожаны лентамі, жнеі ўручылі гаспадару. Дырэктар гаспадаркі паспытаў зерне пшаніцы і задаволена сказаў: “Добрае зерне. Паспела. Можна пачынаць”. І праз некалькі хвілін ажыла тэхніка. Настаў, да слёз хвалюючы момант, механізатары селі за штурвалы камбайнаў. Пяць камбайнаў пайшлі па залатой ніве і з іх бункераў пасыпалася першае зерне. Гаспадар частаваў сялян малаком, бульбай і салам, смачным караваем.
Здароўя і поспехаў Вам, сельскія працаўнікі, на хлебнай ніве і добрых намалотаў.