
СВЯТЫ ВЁСАК «ТУТ МАЕ КАРАНІ»
Цёплыя сустрэчы розных пакаленняў, магчымасць дакрануцца да народных традыцый – у раёне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя роднаму кутку. 24-25 жніўня адбыліся cвяты вёсак у в. Будча, в. Ганцавічы, аг. Агарэвічы, аг.Раздзялавічы і аг. Чудзін. Мерапрыемствы сталі добрай магчымасцю для аднавяскоўцаў сабрацца разам і яшчэ раз пераканацца, што няма ў свеце больш дарагога кутка чым той, дзе табе пашчасціла нарадзіцца і жыць. На святах гучалі песні, добрыя словы, ушаноўваліся старэйшыя і малодшыя жыхары, ганаровыя працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, лепшыя людзі вёсак і землякі-юбіляры.
Традыцыйна на святах працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У аг. Агарэвічы працавала індывідуальная выстава карцін самадзейнага мастака Таццяны Глушчанка. Музычныя віншаванні дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна, а так жа, госці свята ў аг. Агарэвічы ансамбль народнай песні «Лазінка» Лазавіцкага СДК Клецкага раёна.
У рамках свята віншаванне з юбілейнымі датамі сумеснага жыцця прымалі: Іван і Праскоў’я Валошыны, Рыгор і Алена Васілевічы з аг. Агарэвічы, Фёдар і Марыя Захарчэні, Мікалай і Марыя Сергіені з аг. Чудзін, Тамара і Сяргей Зялёнка, Святлана і Анатоль Дзенісені, Галіна і Сяргей Мышкаўцы, Вікторыя і Дзмітрый Далматавы, Таццяна Фёдараўна і Міхаіл Цімафеевіч Савеня, Вольга Мікалаеўна і Мікалай Сяргеевіч Дайлід з в. Будча.
У вёсцы Ганцавічы віншаванні з юбілейнымі датамі прымалі: сем’і Клявец Эдуард Канстанцінавіч і Вера Прохараўна, Высоцкія Іван Іванавіч і Соф’я Мікалаеўна, Сенюковіч Раіса Іосіфаўна і Аляксей Міхайлавіч. Свае песні, музычныя нумары і добры настрой удзельнікам свята вёскі Ганцавічы падарылі артысты мастацкай самадзейнасці Люсінскага сельскага клуба. Для жыхароў вёсак працавалі гульнёвыя пляцоўкі, тарговыя рады. Усе жадаючыя прымалі ўдзел у розыгрышы бяспройгрышнай латарэі. . Кожны змог знайсці сабе занятак, бо да позняга вечара звінелі святы.