Сустрэча раённага дома рамёстваў з калектывам дашкольнай установы “Яслі-сад № 4 г.Ганцавічы”
26 верасня Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў наведаў калектыў дашкольнай установы “Яслі-сад № 4 г.Ганцавічы”. Падчас сустрэчы госці прынялі ўдзел у агляднай экскурсіі па экспазіцыях Дома рамёстваў, якую правяла дырэктар установы Ала Васільеўна Занька. Майстар Алена Мікалаеўна Цялушка займальна пазнаёміла прысутных з тэхнікай прадзення льняной ніткі з дапамогай пралкі і верацяна. Усім жадаючым было прапанавана ўласнаручна паспрабаваць зразумець механізм прадзення і дабыць з кудзелі танюсенюкую нітачку.
Сваё майстэрства падчас сустрэчы прадэманстравалі майстры народных промыслаў (рамёстваў) Алена Мікалаеўна Цялушка і Таццяна Сцяпанаўна Зялёнка, якія пазнаёмілі наведвальнікаў з дзейнасцю творчай майстэрні па ткацтве, дзе кожны з гасцей меў магчымасць паспрабаваць сябе за кроснамі.
З захапленнем удзельнікі сустрэчы наведалі выставу “Народныя майстры Ганцаўшчыны”, на якой былі прадстаўлены работы Народных майстроў Рэспублікі Беларусь Феаніі Крысюк, Ульяны Віннік, Ніны Казак і Віталія Шэпялевіча.
На прыканцы праграмы быў арганізаваны майстар-клас па кропкавым роспісу, які правяла кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” Наталля Іванаўна Фартавая. Акрамя гэтага майстар народных промыслаў і рамёстваў Валянціна Паўлаўна Курылік пазнаёміла наведвальнікаў з тэхнікай выцінанкі.
Вось так цікава, займальна, а самае галоўнае – пазнавальна і карысна правялі вольны час госці нашай сустрэчы, а таксама даведаліся шмат новага!