23 лютага з нагоды Дня абаронцы Айчыны ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў была арганізавана цікавая імпрэза, у рамках якой прайшла творчая сустрэча з мастаком Іванам Караленка ў фармаце дыялога і адбылося адкрыццё яго персанальнай выставы “Жыццё – гэта творчасць, творчасць – гэта жыццё”.
Постаць вядомага мастака да сустрэчы абрана невыпадкова: Іван Караленка — афіцэр-падводнік, капітан 3-га рангу Ваенна Марскога Флоту. Пасля заканчэння Каспійскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча Іван Іванавіч амаль дзесяць гадоў праслужыў на Ціхаакіянскім флоце на атамным падводным ракетаносцы стратэгічнага назначэння. У 1993 годзе Іван Караленка звольніўся ў запас і пераехаў у Ганцавічы, дзе жыве па сённяшні дзень і рэгулярна праводзіць персанальныя выставы.
Пачэснымі гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства ў Доме рамёстваў сталі вучні сярэдняй школы №2 горада Ганцавічы, якія захапляюцца маляваннем. Падчас сустрэчы Іван Караленка расказаў гасцям пра свой жыццёвы і творчы шлях, падзяліўся жыццёвым вопытам, расказаў пра свае творы, якія прадстаўлены на выставе і не толькі. У сваіх творах мастак перадае прыгажосць роднай прыроды, паказвае знаёмыя мясціны навакольных вёсак. Акрамя гэтага на выставе прадстаўлены работы на дзіцячую тэматыку.
Удзельнікі сустрэчы задавалі шмат пытанняў мастаку і атрымалі на іх змястоўныя адказы. Асабліва ж вучням спадабаўся майстар-клас, падчас якога кожны паспрабаваў сябе ў тэхніцы малявання пастэллю. Вынікам майстар-класа стала агульная работа ў жанры пейзаж, якую мастак прысвяціў установе адукацыі.
Выстава “Жыццё – гэта творчасць, творчасць – гэта жыццё” працягнецца да 20 сакавіка, таму жыхарам і гасцям нашага горада мы рэкамендуем не пашкадаваць часу і наведаць Дом рамёстваў.