У выхадныя дні творчыя калектывы аўтаклуба сустракаліся з землякамі. Жыхары вёскі Дзяніскавічы адпачывалі разам з народным аматарскім аб’яднаннем «Талака».
Цёпла і шчыра прымалі кожны нумар канцэртнай праграмы «Дом будуем талакой», якую самадзейныя артысты прысвяцілі Году народнага адзінства. У выкананні аматараў беларускай песні прагучалі творы, напісаныя самадзейным кампазітарам Валерыем Марцінкевічам на вершы паэтаў Аляксея Галаскока, Васіля Праскурава, Казіміра Камейшы, беларускія народныя песні і песні вядомых беларускіх аўтараў. Разам з гледачамі спявалі і папулярныя песні.
Маладыя выканаўцы эстраднай песні наведалі вёску Лактышы. З задавальненнем слухалі ўдзячныя гледачы любімыя песні ў выкананні Марыі Занька, Паліны Занька, Паліны Амельяновіч, Яны Дзічка і Тамары Занька. З добрым настроем і пажаданнямі да новых сустрэч, разыходзіліся задаволеныя землякі.