Тройца — найважнейшае свята беларускага народнага календара, яно завярашае цыкл веснавых святаў, гэта цалкам жаночае свята, таму што яно ўшаноўвае культ зеляніны, вясны, як апекуна кахання і шлюбу расквітнеўшай прыроды. Сімвалам свята – застаецца траецкі вянок.
20 чэрвеня на падворку Люсінскага сельскага клуба прайшло свята фальклору «З Тройцаю ў лета», куды з’ехаліся госці: фальклорныя калектывы, майстры народнай творчасці і асобныя выканаўцы з Раздзялавіч і Хатыніч, в. Ганцавічы і аграгарадка Агарэвічы. Кожны калектыў падрыхтаваў свае віншаванні са святам, каб здзівіць сваім маляўнічым говарам і сваёй народнай культурай жыхароў аграгарадка Люсіна. Абрадавымі песнямі і танцамі захапілі гледачоў ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву «Крынічка» Хатыніцкага сельскага Дома культуры, беларускай песняй віталі жыхароў аграгарадка Люсіна ўдзельнікі вакальнага калектыву «Каляда» Агарэвіцкага сельскага Дома культуры.
Народны аўтэнтычны калектыў “Завіца” з Раздзялавіч прывёз на траецкае свята свае песні. Калектыў – гонар раёна, лаурэат і дыпламант рэспубліканскіх і абласных святаў фальклорнага мастацтва, прадстаўнік Ганцаўшчыны ў Рэспубліцы Польша, а на свяце — ўдзельнік траецкага дзеяння. Гаспадары свята — народны фальклорны калектыў «Дубрава» Люсінскага сельскага клуба, радаваў гледачоў абрадавымі песнямі і танцамі. Майстры народнай творчасці раёна прадставілі вырабы з саломкі, вышытыя рушнікі, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З віншавальнымі словамі да жыхароў звярнуўся настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцыіерэй Сергій. Падзякі за ўдзел у свяце ўручыла дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Быковіч.