30 ліпеня 2021 года ў ДУК “Ганцавіцкая раённая ЦКС” адбыўся раённы семінар для кіраўнікоў і культарганізатараў клубных устаноў па тэме “Выяўленне і ахова нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей”.
Паняцце нематэрыяльная культурная спадчына раскрыла загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Занька А.С.
З дзейнасцю па выяўленню элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, асноўнымі задачамі па захаванню элемента НКС “Традыцыя памінання продкаў у аг.Раздзялавічы” пазнаёміла метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Шушко С.У.
Работу па падрыхтоўцы да ўключэння ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь элемента “Комплекс ведаў і ўменняў па вырабу і выкарыстанню тэкстыльных вырабаў у тэхніцы бранага двухнітовага ткацтва” паказала дырэктар ДУК “Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў” Занька А.В.
Далей удзельнікаў семінара чакала цікавае падарожжа па раёну: знаёмства з помнікамі археалогіі і архітэктуры, гістарычнымі мясцінамі.
Курган ва ўр.Юліна, па дарозе з аг.Агарэвічы ў в.Шашкі, створаны ў перыяд 1155 – 1161 гг., калі гэта тэрыторыя адносілася да Кіеўскага княства, нагадаў пра час перыяду ранняга сярэднявечча.
Георгіеўская царква ў в.Вялікія Круговічы пабудавана ў 1771 годзе, з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства.
Святое месца Ізбійскі Бор, дзе ў сярэдзіне 18 стагоддзя на адным з дрэў з’явілася ікона Божай Маці, да цяперашняга часу наведваюць паломнікі, сваімі малітвамі просяць Прасвятую Багародзіцу вырашыць жыццёвыя праблемы. Ні ў каго не ўзнікае сумнення, што гэта месца валодае асаблівай сілаю.
З дзейнасцю самай маладой у раёне Свята-Міхайлаўскай царквы в.Нача пазнаёміў яе настаяцель Аскерка Д.І.
Завяршыўся семінар у знікшай яшчэ ў 1946 годзе вёсцы Лахоўшчына, што непадалёк ад в.Нача. У 1936 годзе тут нарадзіўся член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, доктар тэхнічных навук, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР, Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Іван Яўстаф’евіч Янкоўскі.
Час няўпынны сцірае з памяці людской многае, пакідаючы самае яркае, адметнае, каштоўнае. Маўклівыя сведкі былога — аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. А народную мудрасць, побыт, уменні людзей мы пазнаём праз народныя легенды, казкі, песні, абрады, святы, звычаі, традыцыйныя рамёствы ды іншае. Гэта і ёсць наша нематэрыяльная культурная спадчына, якую неабходна зберагчы для наступных пакаленняў.