[bvi]
mini

Сядзіба Свяжынскіх

 

    

Аграгарадок Агарэвічы знаходзіцца непадалёк ад раённага цэнтра. Як і кожны куточак Беларусі, мае сваё гістарычнае мінулае, напоўненае рознымі падзеямі, загадкавасцю.

Некалі вёска Агарэвічы належала даволі заможнаму роду  – Свяжынскім (герб “Парай”). У першай палове XVIII стагоддзя гаспадаром Агарэвіч стаў Міхаіл Свяжынскі. З сярэдзіны ХIХ стагоддзя і да 1939 года Агарэвіцкім дваром валодаў род Апацкіх (герб “Прус”).

Пры ўездзе ў аграгарадок з Ганцавіч прывабліваюць погляд падарожнікаў векавыя дрэвы, якія магутна ўзвышаюць свае галіны над сажалкамі. У далечыні віднеецца нязвыклы для цяперашняга часу будынак. Гэта былая панская сядзіба.

Сядзібна-парквы ансамбль здаўна размясціўся ў цэнтры вёсачкі плошчаю ў 6 гектараў. Калісьці ён ўключаў у сябе палац, мураваную стайню, гумно, парк з пладовым садам, сажалкі і ўязную браму на двух мураваных слупах.

Вядома, што ў першай палове XIX стагоддзя Свяжынскія ўзвялі   ў Агарэвічах драўляны палац, а новыя гаспадары у 1911 годзе яго значна перабудавалі.

Будынак сядзібнага дома аднапавярховы, драўляны, Г-падобны ў плане, накрыты закругленым з усходняга боку двусхільным дахам, а з заходняга – паўвальмавым з дэкарыраванымі дахавымі вокнамі.

З усходняга боку дабудавана паўратонда зімовага саду. Ганак галоўнага ўваходу накрыты двухсхільным дахам на чатырох слупах.

Фасады рытмічна разделены прамавугольнымі ваконнымі праёмамі і дэкарыраваны разнастайнай шпатлеўкай з выдзяленнем фрызы і цокаля. Планіроўка сядзібнага дома грунтуецца на анфіладнай кампаноўцы рознавялікіх аб’ёмаў вакол двух вестыбюляў.  

Падчас гаспадарання паноў Апацкіх сядзіба разрасталася. Было ў гаспадарцы шмат жывёлы: коні, каровы, птушкі.

У гаспадарцы Апацкіх меліся сячкарня, арха, малацілка. Развіта была пераапрацоўка прадуктаў сельскай гаспадаркі. У панскай сыраварні вырабляліся знакамітыя сыры, якія прадаваліся нават за мяжу.

Парк закладзены прыкладна ў другой палове 19 стагоддзя на невялікай плошчы. Парадная частка парку мела сіметрычна-восевую кампазіцыю, сістэму сажалак. Асноўную частку яго складаў пладовы сад у выглядзе двух выцягнутых уздоўж кампазіцыйнай восі баскетаў. Сад размешчаны за сядзібным домам. Вось кампазіцыі завяршалася трэцім баскетам, размешчаным упоперак двух першых.

Цэнтральная алея двухрадная, бакавыя – аднарадныя. Уздоўж іх цягнулася прагулачная сцежка з лінейнай пасадкай кветкавых раслін. У парку шырока прымянялася дэкаратыўная стрыжка дрэў пры фарміраванні алей з елак і грабаў.

Апацкія былі адукаванымі людзьмі, мелі вялікую бібліятэку. Гувернёры разам з панскімі дзецьмі навучалі пісьменству кемлівых сялянскіх дзетак. На новы год у зімовым садзе – паўкруглай ратондзе – абавязкова ўстанаўлівалася ёлка, на якую запрашалі дзяцей з вёскі. Ніхто не ішоў са свята без падарунка.

Гаспадыня Марыя была вельмі добрай, адукаванай жанчынай. Да нялёгкай сялянскай працы заўсёды адносілася з павагай.

Аднак трагічны лёс нападкаў апошнюю ўладальніцу сядзібы. У 1939 годзе будынак быў  канфіскаваны. Марыю паднялі сярод ночы ў адной сарочцы і саслалі ў Сібір, нягледзячы, што жанчына гадавала трое дзетак. Па апошнім даведкам, усе дзеці змаглі выратавацца ад праследванняў. Старэйшая дачка Ірына Пятроўна Свяжынская да 2012 года пражывала ў Англіі.

У 90-я гады была праведзена рэканструкцыя сядзібнага дома, і гэта прывяло да значнага парушэння кампазіцыі ансамбля.

З таго часу тут праходзілі экскурсіі, розныя ўрачыстыя мерапрыемствы, дзейнічалі гасцінічныя пакоі. Атмасфера вясковай утульнасці, камін, традыцыйныя беларускія стравы гаспадыні прыцягвалі многіх падарожнікаў.

У 2010 годзе пляменнік пані Марыі Кшыштаф Свяжынскі ўпершыню наведаў сядзібу. У 2016 годзе ён прыехаў з Варшавы разам з жонкай Янінай і сынам Робертам. У Агарэвічах яны правялі некалькі незабыўных дзён. Нашчадак знакамітага роду не ўтойваў спадзяванне, што яго сын працягне добрую традыцыю і будзе наведваць радавую сядзібу.

У кожнага свая дарога, планы на жыцце, але дарога дамоў найцудоўнейшая, яна натхняе, дорыць радасць, надзею на светлае будучае.

 Цяпер будынак былой сядзібы належыць камунальнаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Бярозавец”. Апошнім часам у сядзібе гатуюць ежу для працаўнікоў прадпрыемства.  

У ДУА “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызма і краязнаўства” і ДУ “Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей” распрацаваны экскурсіі, у ходзе якіх турысты могуць наведаць сядзібу.

Рэшткі сядзібна-парквага ансамблю – жывы летапіс агарэвіцкага краю. Сядзібны дом – помнік эклектычнай архітэктуры. Помнік архітэктуры Былая сядзіба знаходзіцца пад аховай дзяржавы – уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Захаваць, нягледзячы на разнастайныя складанасці, гістрыка-культурную каштоўнасць – задача няпростая. Упэўнена, многія зацікаўлены ў дабрабыце сваёй малой радзімы, неабыякавы да свайго мінулага. Ініцыятыва за вамі, маладое пакаленне! А пакуль ахоўная дошка на будынку сядзібнага дома папярэджвае, што прычыненне шкоды караецца па закону.

У кожнага свой след пакідае сустрэча з маёнткам. Упершыню, на пачатку 2000‑х гадоў мне яна нагадала вір, у якім кіпіць жыццё. А пані Кулікоўская, так хацелася яе назваць, уяўлялася музай, якая напаўняе сэнсам існуючы лад.

Напрыканцы 2020-х наўкол пануе вясковая цішыня, у якой выразна можна пачуць клёкат буслоў, шум векавых дрэў, плёскат рыбы ў сажалках, а сядзіба маўкліва пазірае вокнамі-вачыма ў чаканні. Вось якое яно радавое гняздо роду Свяжынскіх сёння.

                                                                        Святлана Шушко,

                                                                        метадыст па ахове гісторыка-

                                                                        культурнай спадчыны

                                                                        ДУК “Ганцавіцкая раённая ЦКС”