[bvi]
mini

Зберагаем традыцыі. Жывём сучасным. Творым будучыню.

Презентация1

Значны ўклад ў арганізацыі адпачынку і задавальненні духоўных запытаў жыхароў горада ўносяць гарадскі Дом культуры і раённы Дом рамёстваў. Для развіцця творчых здольнасцей насельніцтва працуюць 39 клубных фарміраванняў дэкаратыўна-прыкладнога, тэатральнага, інструментальнага, харэаграфічнага, вакальна-харавога мастацтва.
11 аматарскіх аб’яднанняў па традыцыйнай культуры, грамадска-культурнага накірунку і фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.
Усяго творчасцю занята 490 удзельнікаў, з іх 170 дзяцей і моладзі.
За апошнія тры гады палепшылася матэтыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Набыты музычныя інструменты, светавая і гукаўзмацняльная апаратура, тэхнічнае абсталяванне для развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі і адраджэння тэхналогій і вырабу слуцкіх паясоў. На што выкарыстана 550,0 тысяч рублей.
Галоўнай мэтай устаноў з’яўляецца прыцягненне гараджан да ўсебаковага развіцця і інфармаванасці праз культурны дасуг. У культурным жыцці горада адно з асноўных месцаў займаюць святы, кірмашы, выставы, канцэрты. За апошнія тры гады праведзена 1162 мерапрыемстваў, з іх 330 на платнай выснове. Наведвальнікамі сталі 295 353 чалавека, з іх на платных мерапрыемствах – 24 278 чалавек.
Ганаровае найменне “народны” носяць 7 клубных фарміраванняў: ансамбль народнай песні “Запавет”, эстрадная студыя “Правінцыя”, эстрадна-джазавы ансамбль “Кавертон”, народны тэатр “Мы”, народны духавы аркестр, народны хор ветэранаў, аматарскае аб’яднанне “Талака”. Калектывы вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, заўсёды з’яўляюцца ўдзельнікамі мерапрыемстваў, з гонарам прадстаўляюць раён на шматлікіх конкурсах і фестывалях.
У 2016 годзе падрыхтаваны матэрыялы на прысваенне звання “народны” клубу майстроў народнай творчасці “Багач” раённага Дома рамёстваў.
У сярэднім за год арганізоваецца 180 канцэртаў, 80 выстаў ДПМ.
2014 год гасцінна падарыў жыхарам горада новы праект “Праз гасціннасць – да душы!”. Пад такім дэвізам ганцаўчане і госці горада сталі сведкамі шматлікіх мерапрыемстваў, асноўным з якіх стаў першы музычна-спартыўны злёт бардаў і караванераў “Жураўліны край”. Год гасціннасці стаў добрым стартам гэтай падзеі на Ганцаўшчыне, якая працягвае прымаць на сваёй зямлі аматараў дадзенага адпачынку і па сёняшні час. Геагарафія яго ўдзельнікаў пашыраецца. “Жураўліны край” стаў стартавай пляцоўкай для падлеткавага клуба турысцкай і бардаўскай песні, удзельнікамі якого з’яўляюцца 9 чалавек. Гала-канцэрты злёту захоўваюць знакамітыя імёны: Аляксея Нежыўца, Анастасіі Хазанавай, Веры Лебядзеўскай, Аляксандра Суханава, Алега Князскага, Мікалая Сцяпанава, Інэссы Вінцкевіч і інш.
2015 год звярнуў увагу на прапаганду здаровага ладу жыцця і патрыятычнага выхавання моладзі.
У Год моладзі праведзена 515 мерапрыемстваў, з якіх 270 для дадзенай катэгорыі насельніцтва.
Сярод мерапрыемстваў адметнымі сталі – патрыятычныя акцыі “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, “Я тут нарадзіўся і тым ганаруся!”, “Мы – беларусы мірныя людзі!”.
Па арганізацыі здаровага ладу жыцця акцыі: “Ганцавічы – здаровы горад”, “Вуліцы без алкаголю”, “Моладзь – выбірае здаровае будучае”, “Мая Радзіма – без шкодных звычак”, “Здаровы талент – гонар горада”.
Новым маладзёжным праектам стала арганізацыя летняга культурна-аздараўленчага палатачнага лагера для дзяцей сацыяльна апасных сямей, падлеткаў і моладзі, якія стаяць на ўліку у ІДН, з ўдзелам прадстаўнікоў РАЎС, духавенства, інспектараў МНС, расліннага і жывёльнага свету, клубам спартыўных адзінаборстваў “Мядзведзь”.
Актыўную работу вядуць установы і ў 2016 годзе. Год культуры стварае грамадскі доступ для ўсіх катэгорый насельніцтва на мерапрыемствы, канцэрты, выставы, удзел у рабоце клубных фарміраванняў.
Масава прайшлі мерапрыемствы прысвечаныя У. Мулявіну “Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі…”, літаратурная вечарына “Смяяцца не грэх” прысвечаная К. Крапіве, музычна-літаратурная кампазіцыя “Песняры народнага жыцця” прысвечаная І.Шамякіну і І.Мележу, юбілейная вечарына паэта-земляка В.Гардзея.
Мерапрыемствы да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Дня Канстытуцыі, Дня Перамогі, Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствы прысвечаныя 75-ай гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Акцыі “Культурная субота”, “Чысты горад”, “Чысты бераг”.
Упершыню прайшла патрыятычная квэст-гульня “Вуліцы герояў”, актыўнымі ўдзельнікамі якой сталі дзеці і моладзь горада.
З удзелам народных умельцаў і самадзейных артыстаў горада прайшлі: абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні і паэзіі, майстар – клас па выяўленчаму мастацтву прафесара І. Рынкевіча, абласны фестываль эстраднага мастацтва “Эстрадны МІХ”, абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты”, рэгіянальнае свята “Лунінецкія клубніцы”.
Дзейнасць устаноў і інфармацыя аб праведзеных мерапрыемствах асвятляецца ў сродках масавай інфармацыі.
Год культуры палажыў пачатак новага спецыяльнага праекта “Галерэя майстроў”. Аўтар праекта – раённы Дом рамёстваў.
На старонках раённай газеты “Савецкае Палессе” адлюстроўваецца творчасць удзельнікаў клуба майстроў народнай творчасці “Багач”. Для гараджан праведзены сустрэчы і творчыя майстар-класы па розным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, анімацыйныя праграмы.
Вялікім поспехам у дзяцей і падлеткаў горада карысталася акцыя “Траўны прастор”, якая адбывалася ў гарадскім скверы з 10 чэрвеня па 7 ліпеня. Пры правядзенні выстаў, святаў і кірмашоў сярод моладзі стала папулярным наведванне пляцоўкі — адкрытая прастора, дзе праводзяцца майстар-класы па побытаваму танцу, ткацтву, вышыўцы.
За першае паўгоддзе 2016 года клубнымі ўстановамі горада паведзена 284 мерапрыемства, наведвальнікамі стала 58 807 чалавек.
Ганцавічы – адзін з рэгіёнаў Брэсцкай вобласці, дзе добра захоўваюць традыцыі краю, ёсць свая гісторыка-культурная спадчына і пэўныя дасягненні культурнага развіцця. Тут падтрымліваюцца творчыя ініцыятывы, едуць працаваць маладыя таленавітыя спецыялісты.
Работнікі культуры робяць усё магчымае каб развівацца далей, адпавядаючы патрабаванням часу. Жывуць сучасным і твораць будучыню.

Арганізацыйна-метадычны аддзел
ДзУК “Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”

CПЯВАЙ, ГІТАРА ЗВОНКАЯ!

Трэці Музычна-спартыўны злёт бардаў і караванераў “Жураўліны край-2016” у мінулыя выхадныя сабраў не толькі бардаў, музыкантаў і паэтаў, але і ўсіх тых, каму блізкая паэзія аўтарскай песні. Тры дні, з 5 па 7 жніўня, лілася бардаўская песня па ваколіцах урочышча “Горкі”, якое стала прыстанкам для некалькіх дзясяткаў бардаў з розных куткоў нашай краіны. Завіталі на злёт і госці з Расіі.  Сімвалічнае знаёмства каля вогнішча ў дзень заезду аматараў аўтарскай песні, па словах саміх бардаў, дапамагло ўсім зблізіцца. Міні-канцэрт “Гітара па крузе”, падчас якога гучалі аўтарскія песні і агульнавядомыя хіты, як прызналіся самі госці фестывалю, адразу дадаў душэўнасці мерапрыемству, з’яднаў і стварыў атмасферу сяброўства. Хаця, варта зазначыць, што многія з караванераў даўно ведаюць адзін аднаго, а таму “Жураўліны край” выканаў і яшчэ адну сваю адказную місію — сабраў даўніх прыяцеляў і аднадумцаў.

Арганізатары мерапрыемства пастараліся, каб для гасцей былі створаны ўсе ўмовы для выдатнага адпачынку. Напрыклад, быў наладжаны пракат спартыўнага інвентару: веласіпедаў, ролікаў, палатак і іншага, да вечара працаваў выязны гандаль. Многія з бардаў з захапленнем расказвалі аб праведзенай для іх экскурсіі, падчас якой наведалі раённы краязнаўчы музей, эксперыментальную базу ЦБС “Журавінка”, пабывалі ля дуба-волата, што ў вёсцы Вялікія Круговічы, які, паводле падання, выконвае жаданні. Для выдатнага настрою тых, хто ў гэтыя дні наведаў “Горкі”, былі арганізаваны міні-заапарк з ручнымі жывёламі, выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, бодзі-арт па-беларуску.
Госці “Жураўлінага краю” каштавалі травяныя напоі, фіта-чай, каву з жалудоў, для іх ладзіліся майстар-класы ігры н а музычных інструментах, па выяўленчым мастацтве, разьбы па дрэве і вырабах з саломкі, яны наведалі выставу-продаж твораў мясцовых паэтаў, удзельнічалі ў конкурсе “Лепшая юшка-2016”… Безумоўна, асаблівай увагі варты і канцэрт выканаўцаў бардаўскай песні, які быў праведзены ў гарадскім парку.

Сапраўднай кульмінацыяй злёту стаў гала-канцэрт выканаўцаў бардаўскай песні, падчас якога кожны жадаючы мог раскрыцца перад іншымі аматарамі аўтарскага выканання, перадаць свае думкі праз гукі гітарнай струны. Адметнай асобай мерапрыемства, па традыцыі, стала Вера Лебядзеўская, ураджэнка горада Пінска, паэтка, аўтар і выканаўца многіх бардаўскіх песень, якія сталі вядомымі і любімымі не толькі ў нашай краіне.

Асаблівай падзеяй злёту ў гэтым годзе стаў візіт Аляксея Нежаўца, таленавітага выканаўцы і захавальніка творчай спадчыны Уладзіміра Высоцкага, аўтара шматлікіх музычных твораў. Варта зазначыць, што Аляксей шматразовы лаўрэат і дыпламант фестываляў аўтарскай песні, вядомага Грушынскага фестывалю, а таксама заснавальнік Клуба аўтарскай песні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аляксей Нежавец з’яўляецца нязменным кіраўнікоў клуба, яго ідэйным натхняльнікам.

Завітала на злёт у гэтым годзе і Анастасія Хазанава з Баранавіч — неаднаразовы лаўрэат розных фестываляў аўтарскай песні і паэзіі. Яна з’яўляецца кіраўніком народнага калектыву “Клуб аўтарскай песні Ваганты” і адным з арганізатараў бардаўска-турыстычнага злёту-фестывалю імя Юрыя Дзмітрука “Крыніца” ў горадзе Баранавічы.
Заключным акордам суботняга вечара ў “Горках” стала дыскатэка, якую правёў пераможца рэспубліканскага музычнага конкурсу “Бітва дзі-джэяў” “Беларусь і Я” XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску Павел Руткоўскі.
Мерапрыемства пакінула незабыўныя ўражанні як у пачынаючых бардаў, так і ў знакамітых выканаўцаў аўтарскай песні. Так, па словах Веры Лебядзеўскай, арганізацыя злёту выканана “на сто балаў”: “Вельмі задаволена адносінамі арганізатараў да в ыканаўцаў аўтарскай песні. Я за сваё жыццё наведала многа падобных фестываляў, але такога, можна сказаць, клопату аб удзельніках злёту, яшчэ не бачыла. У кожнага з нас такое адчуванне, што чакалі менавіта цябе, персанальна. І гэтая атмасфера добразычлівасці, амаль што сямейнага цяпла не пакідае на працягу ўсяго мерапрыемства. Канечне, у нашай краіне і за яе межамі праводзяцца фестывалі і большага маштабу, але яны пачалі губляць славутую бардаўскую цеплыню, многія з іх сталі амаль камерцыйнымі праектамі. А “Жураўліны край” толькі сталее год ад году, набірае абароты: у мяне ёсць магчымасць параўноўваць, бо я прыязжаю сюды ўжо трэці раз. Радуе таксама, што гала-канцэрт выканаўцаў праводзіцца не на конкурснай аснове, бо нездаровая канкурэнцыя — гэта не для нас, мы выконваем свае творы для душы, для гледача, а не дзеля ўзнагароды. Канечне, ёсць і некаторыя недахопы, недапрацоўкі, так скажам. Фестываль уступае іншым у плане канцэртнай падрыхтоўкі: няма вопыту і мала практыкі. Для таго, каб арганізаваць канцэрт на высокім узроўні, на мой погляд, арганізатарам неабходна наведваць падобнага роду фестывалі, набірацца вопыту, каб было з чым параўнаць, мець магчымасць бачыць свае недапрацоўкі ў параўнанні з больш маштабнымі мерапрыемствамі. Але я ўпэўнена, што будучае ў “Жураўлінага краю” ёсць і павінна быць, і, безумоўна, мы з задавальненнем будзем прыязжаць сюды зноў і зноў”.
Падтрымалі словы Веры Лебядзеўскай і барды з Пружан, Дзятлава і Слоніма. Па словах мінчанкі Наталлі, якая таксама трэці год прыязджае на злёт бардаў на Ганцаўшчыну, менавіта тут ёсць магчымасць адпачыць душой і целам. Але, па словах барда, у мінулыя разы было намнога больш удзельнікаў. “Мне здаецца, той факт, што некаторыя з нашых знаёмых не прыехалі ў гэтым годзе на фестываль, гаворыць аб недахопе рэкламы мерапрыемства. Многія з “нашых” проста не ведалі пра тое, што злёт праводзіцца ў гэтыя выхадныя. Ведаеце, вельмі хочацца сюды прыязджаць і надалей, што мы і будзем рабіць, але вось на наш погляд, сапраўды не хапае масавасці. Фестываль мае і павінен мець права на існаванне, але для гэтага варта прыцягваць да ўдзелу ў ім больш людзей, што магчыма толькі праз актыўную рэкламную кампанію”.
Дзве ночы не змаўкалі ва ўрочышч ы “Горкі” бардаўскія песні, гукі гітарных струн, якія разносіліся далёка наўкол, пранізвалі душы, краналі сэрцы цеплынёй выканання. А ў нядзелю аматары бардаўскай песні доўга развітваліся адзін з адным, у надзеі наступным летам зноў вярнуцца на “Жураўліны край” і падзяліцца сваёй творчасцю.

2

ЛЕТНІК БЕЛАРУСКАГА СТУДЭНЦКАГА ЭТНАГРАФІЧНАГА ТАВАРЫСТВА Ў ХАТЫНІЧАХ

Час бяжыць імкліва, што, на жаль, прыводзіць да трансфармацыі і нават знікнення старажытных беларускіх традыцый і абрадаў. А вось Ганцаўшчына славіцца трапятлівымі адносінамі яе насельніцтва да захавання сваёй культурнай спадчыны. Чаго толькі варты самабытныя фальклорныя калектывы “Хатовічы” і “Завіца”! Песні, якія яны выконваюць, узнаўляюць атмасферу далёкага мінулага, дазваляюць нам дакрануцца да культуры нашых продкаў, не згубіць саміх сябе… Таму і зразумела, чаму спеўны летнік удзельнікі Беларускага студэнцкага этнаграфічнага таварыства ладзілі менавіта на Ганцаўшчыне, у Хатынічах.
Увесь час свайго знаходжання ў вёсцы члены таварыства (сярод якіх не толькі беларусы, але літоўцы і латышы) разам з калектывам “Хатовічы” спявалі песні, абменьваліся традыцыямі сваіх краін.
Дырэктар Хатыніцкага СДК Вера Ваўчок з задавальненнем правяла мяне да хаты, што побач з Домам культуры, у якой і спыніліся госці.
…Гукі старадаўніх песень чутны былі яшчэ здалёк (дзяўчаты праводзілі рэпетыцыю), ды і ўвогуле атмасфера там была ў лепшых беларускіх традыцыях. Гэта выяўлялася ва ўсім: і ў аддзенні, і ў гуках беларускіх нацыянальных інструментаў, і проста ў шчырай ветлівасці кожнага ўдзельніка летніка.
Міхаіл Завадскі і Аляксей Шумаковіч прыязджалі ў Хатынічы з Мінска і засталіся пад вялікім ураджаннем.
— Мы рады, што арганізатары таварыства прывязлі нас менавіта ў гэтую вёску. А апынуліся мы тут зусім не выпадкова: летась былі ў фальклорнай экспедыцыі на Ганцаўшчыне, ведалі, што Хатынічы славяцца сваімі спеўнымі традыцыямі, якія старэйшае пакаленне перадае праз песні маладому. Гэта вельмі цікава!
А ўдзельніца этнаграфічнага таварыства Лаура, якая прыехала з Каўнаса (Літва), працуе ў сваім родным горадзе ў музеі. У Хатынічы яе запрасілі сябры-этнографы, дзяўчына згадзілася з радасцю. Ад спеваў з мясцовымі жыхаркамі яна ў захапленні, а ад іх саміх — тым больш.
— Людзі тут вельмі добрыя, мілыя. А навокал у вёсцы ўсё прыгожа і дагледжана. Спадзяюся, што мяне запросяць сюды яшчэ, — з усмешкай гаворыць Лаура. — Буду верыць, што я тут не ў апошні раз. А яшчэ хочацца шчыра падзякаваць усім хатынаўцам за такі цёплы прыём!
Латышка Анэт, якая прыехала з паўднёва-заходняга боку Латвіі, у Беларусі ўжо дванаццаты раз. Яна займаецца рукадзеллем, цікавіцца фальклорам, спявае. Чаму яе захапіла менавіта беларуская культура? Анэт гаворыць, што тут усё проста: мы суседзі, вельмі блізкія і сваімі традыцыямі, і абрадамі. Мінулая экспедыцыя па Ганцаўшчыне, у якойудзельнічала дзяўчына, пакінула незабыўны след ва ўражаннях кожнага.
— Мы зразумелі, што менавіта тут нам будзе лёгка пазнаваць традыцыі мясцовага насельніцтва. І ўвогуле, вяскоўцы з разуменнем успрымаюць цікаўнасць да сябе і сельскага побыту. Вось і тут да нас адносяцца шчыра, з адкрытай душой.
Дарэчы, Анэт у Беларусі імкнецца размаўляць на беларускай мове. І варта адзначыць, што ў яе гэта добра атрымліваецца.
Кіруе студэнцкім этнаграфічным таварыствам Ганна Селівончык. Як прызнаецца сама дзяўчына, фальклорам яна займаецца ўжо гадоў дзесяць. Яе цікавяць беларускія старадаўнія танцы, песні, сувязь традыцыйнай культуры з сучасным побытам. А яшчэ вывучэнне даўніх традыцый свайго народа — гэта, як мяркуе Ганна (і з ёй нельга не згадзіцца), спосаб інтэлектуальнага і духоўнага самаўдасканалення.
— А калі сустракаемся са сваімі суседзямі з краін Прыбалтыкі, напрыклад, мы адчуваем, наколькі яны нам блізкія: і па культуры, і па каштоўнасцях, і як людзі. Гэта неацэннае пачуццё!
Ганна таксама не стрымлівае свайго захаплення спявачкамі “Хатовіч”: “Іх рэпертуар сапраўды аўтэнтычны, а самі яны — такія добрыя і шчырыя!”.
Дарэчы, гэта першы адкрыты спеўны летнік, у якім маглі паўдзельнічаць не толькі члены этнаграфічнага таварыства, але і ўсе жадаючыя. Прычым, можна было пераймаць не толькі спеўныя традыцыі, але і іграць на розных музычных інструментах, танцаваць, дзяліцца сваім вопытам рукадзелля…
Ну, а вынікамі сумесных вечароў хатыніцкіх жанчын і этнографаў стаў канцэрт, на якім спявалі ўсімі любімыя “Хатовічы”, а таксама ўдзельнікі этнаграфічнага таварыства. Старажытная беларуская мелодыка ўвасобілася ў гуках аўтэнтычных інструментаў, а самабытныя песні можна было пачуць як ў першародным варыянце, так і ў больш
сучасным, пад “жывую” мелодыю гармоніка (выконвала маладое пакаленне “Хатовіч”). Гэтая ж мелодыя не пакінула раўнадушнымі многіх прысутных. І, канечне, не абышлося без танцаў.
Дзякуючы неабыякавым да сваёй гісторыі, традыцый продкаў людзей, а таксама такім унікальным калектывам, як “Хатовічы”, наша культурная спадчына будзе захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням.

3

ПАВЕЛ РУТКОЎСКІ — ЛЕПШЫ МАЛАДЫ ДЗІДЖЭЙ КРАІНЫ

Імя Паўла Руткоўскага добра вядома жыхарам Ганцаўшчыны.Малады чалавек вось ужо амаль паўтара года — вядучы гарадскога Дома культуры, актыўны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў і, канечне, — таленавіты дзіджэй. Моладзі нашага раёна даўно вядомыя яго сэты, якія можна паслухаць на любой дыскатэцы на адкрытым паветры. Кожнае мерапрыемства, прымеркаванае да маладзёжных свят або барацьбы за здаровы лад жыцця, не абыходзіцца без яго ўдзелу. І менавіта дзякуючы Паўлу дыскатэкі на пляжы “Паўднёвы” набылі такую вялікую папулярнасць. Але, вядома, для маладога чалавека кожная перамога — вялізная радасць. А таму першае месца на бітве дзіджэяў падчас абласнога “Маладзёжнага квартала — 2016” стала заканамерным вынікам усіх намаганняў хлопца, а таксама магчымасцю атрымаць новы вопыт на большай пляцоўцы. І Павел адправіўся на Дзень моладзі, які праходзіў падчас фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Там ацанілі талент хлопца так, як належыць: малады чалавек стаў пераможцам конкурсу. З гэтай нагоды карэспандэнт “СП” сустрэлася з ім, каб даведацца, якія пачуцці перапаўняюць дзіджэя.
— Павел, раскажы, калі ласка, як ты сябе адчуваў да пачатку конкурсу? Якія ўражанні пакінуў Віцебск і “Славянскі базар”?
— Віцебск падчас фестывалю — гэта нешта такое, што пакідае ўражанне на ўсё жыццё. Вакол гараць ліхтары, гучыць музыка, горад “гудзе”. Ідзеш — і вочы разбягаюцца. Конкурс пачынаўся ў дваццаць гадзін, а таму ў мяне было дастаткова часу, каб агледзець усе працуючыя забаўляльныя пляцоўкі. Цікава было назіраць за людзьмі, бачыць розныя конкурсы. Але, канечне, хваляванне не праходзіла да самага выступлення.
— А як праходзіў сам конкурс?
— Удзельнікаў было дзевяць: фіналісты абласных адборачных этапаў і адзін прадстаўнік са сталіцы. Нам было дадзена па 12 хвілін кожнаму, каб максімальна ярка прадставіць сябе. Але было і некалькі ўмоў. Па-першае, мы павінны былі выкарыстаць у сэце як мінімум дзве песні на беларускую тэматыку або на беларускай мове. Я выкарыстаў гімн БРСМ (дарэчы, гэтае грамадскае аб’яднанне з’яўлялася заснавальнікам конкурсу “Мы — маладыя!”) і беларускую народную песню “Касіў Ясь канюшыну”, а таксама запісаў на мелодыю сваім голасам верш Янкі Купалы “Спадчына”. Другой умовай была прысутнасць на сцэне МС (чалавек, які “заводзіць” публіку — заўв. аўт.) з Мінска. Не ведаю, як іншым удзельнікам, але мне ён вельмі дапамог, за што я яму ўдзячны.
Ды і з чаргой выступлення мне пашанцавала: я быў другім. А таму людзі ўжо з задавальненнем танчылі пад маю музыку.
— Што ты адчуваў, калі зразумеў, што зноў стаў першым, што абышоў нават больш вопытных сапернікаў з вялікіх гарадоў?
— Ведаеш, не адразу нават зразумеў, што я — першы. Падчас узнагароджання, калі ўсім давалі дыпломы за ўдзел і нас засталося тры чалавекі, я ўзрадаваўся: быць трэцім — добры вынік. Калі дыплом адправіўся ў рукі да яшчэ аднаго хлопца, я пачаў здзіўляцца: нягледзячы на падтрымку родных, блізкіх, а часам і малазнаёмых людзей, я да апошняга сумняваўся, што змагу падняцца так высока. А калі стала зразумела, што я — пераможца, і генеральны дырэктар “ПІЛОТ FM” Анатоль Чэпікаў аддаў мне ў рукі Грамату і падарунак, я наогул перастаў разумець, што адбываецца. Абсалютны шок — вось як можна ахарактарызаваць мой стан. Мяне пачалі віншаваць з перамогай, фатаграфавацца са мной, а мне здавалася, што гэта ўсё не па-сапраўднаму. І толькі седзячы ўжо ў зале чакання вакзала, я зразумеў, што стаў першым.
— Раскажы пра свае планы на будучыню.
— Канечне, у першую чаргу мне хацелася б развівацца як дзіджэй. Папасці на вялікія пляцоўкі, стаць хэдлайнерам фестывалю дзіджэяў. Але гэта — далёкія пакуль памкненні. Зараз жа, што мяне, дарэчы, вельмі радуе, я буду працаваць з рабятамі, якія прыязджалі да нас на апошні “ColorFest”. Яны запрасілі мяне падтрымаць іх на выступленнях. А літаральна на днях я падпісаў кантракт з адным з лэйблаў, і цяпер на працягу трох гадоў менавіта яны будуць выпускаць і прадаваць маю музыку.

4

У ЯГО РУКАХ “АЖЫВАЕ” МЕТАЛ

Кожны дзень мы праходзім міма нейкай цікавай, прыгожай рэчы, якая ўпрыгожвае наш райцэнтр, і ўспрымаем яе ўжо як нешта звычайнае, нягледзячы на яе мудрагелістасць, тонкасць. Таму што яна арганічна “ўрасла” ў гарадскі ансамбль, нібы заўсёды тут была. І без яе від горада ўжо не ўяўляецца. Канечне, за кожным такім вырабам стаіць нялёгкая праца пэўнага чалавека. Вось, напрыклад, «дрэва жаданняў» ў парку… Яго аўтар — малады зваршчык прадпрыемства “Модуль” Артур Аміраў, які займаецца дэкаратыўнай коўкай, варты ствараць і не такія дзівосныя рэчы.
У гэтым могуць упэўніцца ўсе жадаючыя, калі наведаюць выставу ў раённым краязнаўчым музеі. Там жа адбылася і сустрэча з маладым майстрам, падчас якой захопленыя наведвальнікі маглі задаць Артуру самыя розныя пытанні.
А пытанняў было нямала, тым больш, што кожны выраб выклікаў шчырую цікавасць прысутных. Тут былі і карэта Папялушкі, і Эйфелева вежа, і хатка Бабы Ягі, і шмат чаго іншага. Але ў цэнтры ўвагі, безумоўна, аказаўся “Тауэрскі мост”: шыкоўная кампазіцыя з падсветкай, якую Артур прадстаўляў на рэспубліканскім этапе конкурсу “Новыя імёны Беларусі — 2016”, прыцягнула захопленыя позіркі ўсіх без выключэння. Прычым гэты цуд Артур стварыў усяго за два с паловай месяцы! Прысутныя не стамляліся здзіўляцца майстэрству і таленту маладога чалавека.
На сустрэчы была і мама Артура — Святлана Амірава, да якой таксама было шмат пы танняў, і на іх жанчына адказвала з задавальненнем. Святлана Аляксандраўна, ды і ўся сям’я Артура, шчыра падтрымліваюць яго ва ўсіх пачынаннях.
А яшчэ, як зазначыла дырэктар музею Наталля Кулеш, маладым чалавекам актыўна цікавяцца не толькі на Ганцаўшчыне. Так, нядаўна тэлефанавалі з Першага нацыянальнага канала, пыталіся пра Артура і выставу яго работ. І ўсе, хто прысутнічаў на сустрэчы, былі ўпэўнены: гэта толькі пачатак!
Дарэчы, выстава будзе працаваць да сярэдзіны жніўня.

5

НА МАЛАДЗЁЖНАЙ ХВАЛІ

У мінулую нядзелю на пляжы “Паўднёвы” адбылася музычна-забаўляльная праграма “На моладзевай хвалі”, прысвечаная Дню Моладзі. У выніку ў арганізатараў атрымаўся сапраўдны танцавальны марафон.
Пачаў яго калектыў “Fire flash” гарадскога Дома культуры (на здымку). Таксама на сцэну выйшли маладыя салісты эстраднай студыі “Правінцыя”, чый талент даўно вядомы кожнаму жыхару раёна. Але, канечне, лепшым падарункам для моладзі стала выступленне пераможцы бітвы дзіджэяў Паўла Руткоўскага (DJ Rudik). Малады чалавек, здавалася, заразіў энергіяй кожнага з прысутных. У выніку дыскатэку прыйшлося працянуць на паўгадзіны больш, чым было запланавана: людзі ніяк не хацелі расходзіцца. Заканамерна, што пасля таго, як мерапрыемства прайшло з такім поспехам, узнікла пытанне: а ці не зрабіць такі від адпачынку пастаянным? Да абмяркавання, дзякуючы сацыяльным сеткам, падключылася не толькі кіраўніцтва раёна, але і прадстаўнікі ганцавіцкай моладзі. На старонках у сацсетцы “Вконтакте”, якія носяць назвы “Молодёжь Ганцевщины” і “Подслушано в Ганцевичах” ужо зараз ідзе актыўная размова пра тое, ці патрэбны падобныя дыскатэкі. Маладыя людзі гавораць, што танцаваць на пляжы ў той час, пакуль яшчэ не да канца сцямнела — не вельмі цікава. А таму яны прапануюць прыслухацца да іх і зрабіць дыскатэку не да 23.00, а хаця б да 00.00. Пакуль невядома, ці будзе гэтая іх просьба задаволена. Але ўжо зараз зразумела, што такія мерапрыемствы будуць аб’яўлены зонай, свабоднай ад алкаголю. Нават будзе створана своеасаблівая “Дошка сораму”, на якую будуць заносіцца імёны ўсіх парушальнікаў гэтага правіла.
Яшчэ нельга не адзначыць, што больш за 80 працэнтаў людзей, якія прынялі ўдзел у апытанні на старонцы “Молодёжь Ганцевщины”, лічаць, што такія дыскатэкі на пляжы неабходныя нашаму гораду. І нядзіўна: у апошні час у моладзі вельмі мала варыянтаў таго, куды можна пайсці і свабодна патанцаваць.

8

“АДРАС ДЛЯ ПІСЕМ ТОЙ ЖА”

Тэатральныя пастаноўкі народнага тэатра “Мы” Ганцавіцкага ГДК — заўсёды важная культурная падзея. У мінулым годзе раёнка расказвала пра п’есу “Трыбунал”, якую тэатр падрыхтаваў да 70-годдзя Вялікай Перамогі. А нядаўна адбылася прэм’ера новага спектакля па п’есе Галіны Няволінай на ваенную тэматыку — “Адрас для пісем той жа”.
Перад пачаткам спектакля гледачы пачалі збірацца ў канцэртнай зале ГДК. На жаль, паглядзець прэм’еру прыйшло няшмат ганцаўчан, але, што адметна, усе яны былі рознага ўзросту. Школьнікі, зусім маленькія гледачы, людзі сярэдняга ўзросту і пажылыя — усім было цікава ўбачыць, што на гэты раз народны тэатр прадставіць іх увазе (у мінулым годзе спектакль “Трыбунал” меў вялікі поспех сярод жыхароў Ганцаўшчыны — заўв. аўт.) І, трэба адзначыць, ніхто не быў расчараваны.
Спектакль быў падзелены на дзве часткі: 1941 —1945 гады і 1991 год. Акцёры расказалі гісторыю адной сям’і, якую раскідала вайна. Ганна (Анастасія Фёдарава) — выпускніца школы, марыць стаць артысткай. Яе брат Сяргей (Аляксандр Заяц) — таленавіты хірург, і маці, Алена Васільеўна (Святлана Багрова), якая баіцца таго, што прыйдзе вайна, але ідзе вучыцца на медсястру. Акрамя сям’і мы бачым і іншых блізкіх для Ганны людзей — яе хлопца, Алега (Дзмітрый Ермаковіч), які збіраецца паступаць у ваеннае вучылішча і сябра Геру (Павел Руткоўскі). Апошні, дарэчы, закаханы ў галоўную гераіню, але разумее, што не вельмі цікавы для яе — з-за цяжкага становішча ў сям’і хлопец вымушаны працаваць на заводзе, і не можа даць ёй “шчаслівага і вольнага” жыцця, пра якое марыць Ганна. А сяброўка галоўнай гераіні, Ліза (Вераніка Швайко), наадварот, закаханая ў Геру і лічыць яго самым лепшым з усіх хлопцаў.
Калі пачалася вайна, вялікую камунальную кватэру маскоўскага дома пакідаюць жыхары: Сяргей, Алег і Гера ідуць на фронт, Алена Васільеўна адпраўляецца дапамагаць медыкам, а Лізу з-за нямецкіх “каранёў” высылаюць, і толькі Ганька да апошняга не пакідае кватэру — павінен жа нехта чакаць лісты з фронту і верыць, што родныя вернуцца. Але паштальён (Сняжана Абрамовіч) прыносіць усё новыя і новыя квадратныя паштоўкі — пахаванкі — і Ганна таксама адпраўляецца на фронт, толькі запомніўшы тое, што жонка загінуўшага брата, Маша (Марыя Стральчэня), нарадзіла сына.
Далей дзеянне спектакля пераносіцца ў 1991 год. “Звар’яцелая” старая дама Ала Ільінічна (Вольга Буднік) купляе тую самую камунальную кватэру, у якой раней жыла Ганна і з цікаўнасцю назірае за суседзямі — Вячаславам Іванавічам (Віктар Супрун) і яго дачкой Жаннай (Лізавета Аляксейчык). Менавіта расказ Алы Ільінічны і становіцца развязкай той гісторыі, якая адбывалася ў камуналцы падчас вайны.
Вернасць, любоў да Радзімы, гатоўнасць ахвяраваць сабой — усё гэта асабліва абвострана ў гады вайны. І пры гэтым пасля спектакля засталося светлае адчуванне чысціні, якую героі пранеслі праз доўгія гады ваеннага ліхалецця і захавалі ў душы да канца жыцця. Галоўная ідэя спектакля ў тым, каб данесці да гледачоў думку, што не бывае вайны, якая забываецца пасля таго, як прайшла. Людскія лёсы любая вайна закранае і праз шмат гадоў пасля яе заканчэння.
Акцёрскія таленты ўсіх, хто выходзіў на сцэну падчас прэм’еры, дапамаглі гледачам перанесціся ў той час поўнасцю, прапусціць праз сябе сцэны развітання з блізкімі. Калі Ганна праводзіла Геру на фронт, на вачах ва ўсіх прысутных з’явіліся слёзы — нельга было глядзець на гэта і не разумець, якія эмоцыі адчуваюць у гэты час героі…
Наступныя пастаноўкі адбудуцца 7 і 22 чэрвеня. А 13 ліпеня, дарэчы, тэатр будзе пацвярджаць сваё званне народнага. Хочацца пажадаць акцёрам не разгубіць той запал, з якім яны выходзілі на сцэну падчас прэм’еры і працягваць радаваць гледачоў сваім талентам.

9

СПАДЧЫНА ЯЎГЕНІІ СТАНКЕВІЧ

Яўгенія Адамаўна Станкевіч — майстар вышыўкі, карункапляцення і вязання. Прычым працуе яна ў самых розных тэхніках і самымі рознымі інструментамі. Яе работы — сапраўдныя мастацкія творы, якія ўражваюць сваёй непаўторнасцю. Мы сустрэліся з Яўгеніяй Адамаўнай у раённым Доме рамёстваў, каб пагутарыць пра яе жыццё і творчасць.
Як толькі Яўгенія Адамаўна зайшла ў памяшканне, адразу падумалася: “Якая ж прыгожая жанчына!”. І гэта сапраўды. Нейкая па-асабліваму шчырая, яркая, з густам апранутая, Яўгенія Адамаўна прымушала забыць пра свой узрост. Яна, здавалася, прынесла з сабой цеплыню і вясенні настрой.
Першае, што зрабіла Яўгенія Адамаўна, — гэта дастала свае работы. Сказала, усміхаючыся: “Мне здавалася, што я змагу выбраць для вас адну, самую лепшую, любімую. Але не змагла, яны ўсе ў мяне самыя лепшыя.”
І зразумела, чаму: вышыты чырвонымі ніткамі рушнік, прыгожая ружа на канве, якая менш за ўсё нагадвае вышыванку, карункавы каўнер, неверагодна складаны абрус, на стварэнне якога, дарэчы, жанчына патраціла каля двух гадоў… Мне здавалася, што не можа гэта ўсё зрабіць адзін чалавек.
— Я пачала займацца рукадзеллем з дзяцінства, — расказвае Яўгенія Адамаўна. — Нарадзілася ў Малькавічах, у той час, калі кожная жанчына павінна была ўмець займацца такімі рэчамі. Маці мне, зусім маленькай, некалі дала ў рукі іголку з ніткамі і рушнік, і сказала, каб я вучылася. Я і пачала старацца.
У падлеткавым узросце, самым цікавым для мяне было займацца рукадзеллем у кампаніі дзяўчат, якія былі крыху старэйшымі. Я сядзела разам з імі, часам — падказвала, як патрэбна вышываць. Гэта быў цэлы, новы Сусвет! Кожны раз яны расказвалі нешта такое, часам для мяне, яшчэ зусім малой, недаступнае…
Пасля 8 класа Яўгенія Адамаўна паступіла ў Гомель, у кааператыўны тэхнікум, каб атрымаць спецыяльнасць таваразнаўцы. Пра рукадзелле прыйшлося забыць: шмат часу забірала вучоба, з’явіліся іншыя інтарэсы. Але рукі заўсёды памяталі матчыну навуку…
Пасля заканчэння тэхнікума вярнулася Яўгенія на родную Ганцаўшчыну, пачала працаваць таваразнаўцам у райспажыўтаварыстве. Дарэчы, пры выхадзе на пенсію яна мела 40-гадовы стаж! Выйшла замуж, закончыла завочна Маскоўскі кааператыўны інстытут. Паспявала жанчына ўсё: і выхоўваць дваіх сыноў, і працаваць, і вучыцца, і нават вырошчваць кветкі. Але часу на любімае рукадзелле ў яе, на жаль, не хапала.
І толькі пасля выхаду на пенсію Яўгенія Адамаўна зноў вярнулася да любімай справы.
— У вёсцы раней усе займаліся рукадзеллем, нічога неверагоднага ў гэтым не было. Маці мая ткала і вышывала, а адзін з бабуліных рушнікоў я захоўваю і да гэтага часу. Таму можна, хутчэй за ўсё, сказаць, што цікавасць да рукадзелля мне перадалася ад матулі з бабуляй. У кожнага свая спадчына, свае наказы продкаў, свае інтарэсы. У мяне — такія.
Калі ў Ганцавічах быў створаны раённы Дом рамёстваў, Яўгенія Адамаўна амаль адразу прыйшла туды, каб пазнаёміцца з людзьмі, якія падзяляюць яе захапленні. І знайшла тое, што шукала: хай невялікае, але сваё кола аднадумцаў. Пачаліся выставы, паездкі ў іншыя гарады… І жанчына адразу зразумела, што захапляе яе не толькі магчымасць ствараць уласнымі рукамі прыгажосць, але і паказваць яе людзям.
— Некалі трапіла я на адпачынак у санаторый, — расказвае яна. — Іду, бачу жанчыну, у якой на сарочцы прыгажэнны каўнер. Адразу думала падыйсці, спытацца, ці можна падобнае зрабіць уласнымі рукамі, але потым вырашыла, што ў мяне таксама каўнер не горшы! У выніку ўсё ж цікавасць і любоў да прыгажосці перамаглі, дагнала я гэтую жанчыну. Яна аказалася родам з Украіны, і ахвотна растлумачыла мне тэхніку пляцення такіх карункаў. Як высветлілася, для гэтага патрэбны спецыяльныя чаўнакі, якіх у нашай краіне на той час амаль нельга было дастаць. Тады я ўгаварыла гэтую жанчыну прадаць мне адзін з такіх чаўнакоў. А калі прыехала дадому, па яго схеме папрасіла мужа зрабіць нешта падобнае. І пачала па памяці спрабаваць сплесці карункі. Зразумела, што ў мяне нічога не атрымалася: у рукадзеллі заўсёды спачатку павінен быць перад вачыма ўзор. І тады я, хай і з вялікай цяжкасцю, але знайшла патрэбную кнігу. І работа пачалася.
Расказваючы гэта, Яўгенія Адамаўна вырашыла прадэманстраваць, як плятуцца такія карункі. Папрасіла ў супрацоўнікаў Дома рамёстваў прынесці тоўстую нітку і некалькі аркушаў паперы. Апошнія злажыла замыславата, пачала плесці.
— Наогул, на маю думку, рукадзелле — гэта такая справа, якой патрэбна аддаваць сябе поўнасцю, не адцягваючы ўвагу ні на што іншае. Пастаянна патрэбна лічыць петлі: калі гэтага не рабіць і збіцца, работу можна будзе, як правіла, выкідваць, таму што яе нельга расплесці і перарабіць занава, — патлумачыла майстрыха.
Зараз Яўгеніі Адамаўне крыху больш складана займацца любімай справай, чым раней. Пачаў, на жаль, падводзіць зрок. Але, нягледзячы на гэта, спыняцца жанчына не збіраецца. Хай і марудней, чым раней, але стварае яна новыя шэдэўры. Нядаўна, напрыклад, вышыла абрус. На яго стварэнне майстрыха патраціла паўтара месяца. Цяпер пакуль адпачывае, але планаў у яе вельмі шмат.
У багажы Яўгеніі Адамаўны — вялікая колькасць выстаў. Жанчына ўзнагароджана Дыпломамі Беларускага саюза майстроў за актыўны ўдзел у свяце-конкурсе вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка” на XVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і ў VI Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”, а таксама іншымі падзякамі, граматамі і дыпломамі. Разам з іншымі майстрамі Дома рамёстваў Яўгенія Адамаўна вось ужо шмат гадоў запар удзельнічае ў “Дажынках”, паспела пабываць на выставах у Мінску, Пінску, Століне, Іванаве, Пружанах, Лунінцы… Спіс гэты вельмі вялікі. Але абсалютна дакладна можна сказаць адно: талент Яўгеніі Адамаўны прынясе радасць яшчэ многім людзям, а яе работы стануць такой жа спадчынай для нашчадкаў, як работы мамы і бабулі — для яе самой.

10

“НОЧ МУЗЕЯЎ” У ГАНЦАВІЧАХ

Арыгінальная міжнародная акцыя — “Ноч музеяў” у чарговы раз прай шла і ў сценах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея. У свеце яна праводзіцца з вясны 1997 года. Першым горадам, чые музеі і галерэі адчынілі дзверы для наведвальнікаў ноччу, стаў Берлін. Затым музеі Парыжа, а далей і ўся Еўропа падтрымалі незвычайную ідэю начных шпацыраў (паводле інфармацыі www.tut.by).
Эмоцыі наведвальнікаў раённага краязнаўчага музея сведчылі аб тым, што акцыя з’яўляецца цікавым, незвычайным спосабам весці дыялог паміж мінулым і будучыняй, яшчэ раз нагадаць жыхарам горада і раёна пра нашу гісторыю, прычым у гульнявой форме, а яшчэ проста добра правесці час і пагутарыць з прыемнымі людзьмі.
Сёлета гэтая незвычайная ноч у Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі атрымала назву “Майская палітра”. І нездарма: разнастайнасць таленавітых людзей, інфармацыі, сюрпрызаў сапраўды здзівіла і парадавала наведвальнікаў.
Як расказала дырэктар музея Наталля Кулеш, спецыяльна да гэтай акцыі была падрыхтавана новая выстава — работы мастака з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Янкі Рамановіча. Мастак прымаў удзел у 100 выставах, на яго рахунку 25 — персанальных. А ў музейным комплексе Напалеона Орды ў Варацэвічах творчасці Янкі Рамановіча прысвечана цэлая зала. Яго работы набыты і выстаўляюцца ў музеях Мінска, Брэста, Варшавы, Вашынгтона, Нью-Ёрка. Янка Рамановіч — рознабаковы жывапісец, які пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Яго работы вызначаюцца глыбокім пранікненнем у нацыянальную тэму, роздумамі над гістарычным мінулым і сённяшнім днём. Калі гаварыць пра рэакцыю людзей на яго карціны, дык больш за ўсё ім спадабалася серыя “Сны”: многія захапляліся дзіўна рэалістычна намаляванымі тварамі дзетак, якія знаходзяцца ў чароўным палоне сну. І адметна, што ў гэтых карцінах кожны можа ўбачыць штосьці сваё, тут усё залежыць ад уласнай фантазіі і ўяўлення. Так, было вельмі цікава слухаць думкі наконт гэтых карцін мастачкі Валянціны Шаламіцкай, якая здзівіла прысутных сваім нестандартным бачаннем работ — вось што значыць творчая натура! Свае меркаванні наконт карцін Янкі Рамановіча выказалі і іншыя мастачкі Ганцаўшчыны — Ала Мірзаліева і Валянціна Дзікляева. Было цікава і карысна супаставіць свае думкі з думкамі прафесіяналаў. Наталля Кулеш падкрэсліла, што сустрэчай з работамі Янкі Рамановіча госці абавязаны Іосіфу Якаўлевічу Ліберману, старшыні Пінскай яўрэйскай супольнасці — палотны знаходзяцца ў прыватным музеі гэтага чалавека. А яшчэ разам з карцінамі Іосіф Якаўлевіч перадаў удзельнікам ночы гасцінец — мацу. Гэта яўрэйскі хлеб, самы карысны з усіх гатункаў хлеба. Госці з задавальненнем ім пачаставаліся: зразумела, амаль усе каштавалі яго ўпершыню, таму гасцінец стаў для ўсіх сапраўдным сюрпрызам.
Затым наведвальнікі музея адправіліся ў наступную залу, каб паўдзельнічаць у віктарыне, пытанні якой былі звязаны з грашовымі адзінкамі розных краін свету. Аказалася, многія даволі-такі дасведчаныя ў гэтых пытаннях. Напрыклад, не адзін правільны адказ дала спявачка Сняжана Абрамовіч. Маленькія сувенірчыкі, атрыманыя самымі эрудзіраванымі гасцямі, узнялі ім настрой і сталі своеасаблівай прадмовай да, мабыць, самага чаканага многімі прысутнымі мерапрыемства — бяспройгрышнай латарэі “Прыз ад прадпрымальніка”. Удзельнікі розыгрышу з нецярпеннем чакалі і здагадваліся, што ж ім нарэшце дастанецца. Незалежна ад таго спраўдзіліся іх чаканні або не, усім было весела, госці шмат смяяліся і жартавалі. Работнікі музея выказалі вялікую падзяку за гэтыя падарункі і эмоцыі Алёне Чумаковай, Зінаідзе Зайцавай, Сяргею Ціхоцкаму, Аляксандру Семачку, Дзіне Рабцэвіч, Мікалаю Лойку, Валянціне Купрыяновіч, Генадзю Сідоранку, Сяргею Муху, Яўгену Ціхановічу, Ірыне Бандарчук, Ірыне Майсюк, Таццяне Супрун, Неаніле Новік, Уладзіміру Кандрацюку, прадпрымальнікам кампаніі “Орифлейм”.
Далей гасцей чакаў яшчэ адзін конкурс, падчас якога ўсе прысутныя падзяліліся на дзве каманды. Задачай кожнай было як мага хутчэй знайсці адказы на пытанні, прычым, адказы хаваліся ў самім музеі. Удзельнікі конкурсу імгненна ўвайшлі ў азарт, кожная каманда актыўна імкнулася да перамогі. А заадно, успомнілі яшчэ раз гісторыю і нават абагаціліся новымі ведамі пра родны край. За кожны правільны адказ каманды атрымлівалі па кавалачку карты Ганцавіцкага раёна, а калі ўсе часткі карты былі ў руках удзельнікаў, неабходна было хутка сабраць кавалачкі так, каб атрымалася правільная карта раёна. Так і вызначыўся пераможца. Але без карыснага падарунка не застаўся ніхто — усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі запрашэнне на бясплатнае наведванне музея на працягу 2016 года.
Падчас “Ночы музеяў” дэманстраваліся фільмы пра Ганцаўшчыну, яе самабытныя традыцыі і народ. А для гасцей спявалі Сняжана Абрамовіч і Вераніка Швайка, а на баяне іграў Анатоль Валошчык.

11

“ПАД ДАХАМ ДОМА ТВАЙГО”

Сям’я — аснова грамадства, яна застаецца захавальніцай куль турных традыцый, агульначалавечых каштоўнасцей і пераемнасці пакаленняў. А таму рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН яшчэ ў 1993 годзе быў уведзены Дзень сям’і. Штогод ён адзначаецца 15 мая.
Вось і ў мінулую нядзелю гарадскі Дом культуры сабраў гасцей. Зала была перапоўнена: ганцаўчане сабраліся на свята “Пад дахам дома твайго”, якое для іх у гэты дзень падрыхтаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У зале — пажылыя людзі, і зусім маленькія дзеці. А на сцэну, між тым, выходзілі прадстаўнікі самых розных сем’яў.
Першымі да публікі выйшла сям’я Курловічаў. Іосіф Ігнатавіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Разам з жонкай, Марыяй Міхайлаўнай яны пражылі душа ў душу вось ужо 65 гадоў, выгадавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Іх сям’я з’яўляецца прыкладам для многіх ганцаўчан.
Клопат пра жанчыну-маці — адзін з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Гадаваць і выхоўваць дзяцей — святы абавязак любога чалавека. А таму наступнымі на сцэну паднялася шматдзетная сям’я Хмялеўскіх. У сям’і Алены і Леаніда дзевяць дзяцей і маленькі ўнук Лёнечка. Усіх яны выхоўваюць уласным прыкладам — дабрынёй і павагай. А таму, канечне, суседзі і сябры іх паважаюць за міласэрнасць, добразычлівасць і спагадлівасць.
Ганцаўшчына па праве можа ганарыцца людзьмі, якія праславілі сваю маленькую Радзіму працоўнымі подзвігамі. Людзі працы — наш гонар, і яскравым прыкладам таму стала працоўная дынастыя Канановічаў, прадстаўнікі якой таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.
Сям’я Цецярдынкаў з аграгарадка Агарэвічы добра вядомая ганцаўчанам. Алена, як і яе дачка Анастасія — актыўныя ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Агарэвіцкага СДК. А потым на сцэну, каб праспяваць песню, разам з жонкай падняўся і муж Мікалай. За шмат гадоў, якія ён правёў побач з таленавітымі жанчынамі, нельга было не пранікнуцца любоўю да мастацтва.
Існуюць на Ганцаўшчыне і “спартыўныя” сем’і. Адна з такіх — сям’я Людмілы і Паўла Сідаровічаў. За спартыўныя дасягненні яны маюць шмат узнагарод, у тым ліку — за перамогі па валейболе і футболе на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню.
“Залатыя ключы ад сямейнага шчасця”, па словах вядучых, мае сям’я Пятліцкіх. Эдуард Міхайлавіч і Людміла Вітальеўна Пятліцкія ў мінулым месяцы адсвяткавалі залатое вяселле. Яны выхавалі траіх дзяцей і восем унукаў, маюць дзве праўнучкі. Маладымі Эдуард і Людміла закахаліся адзін у аднаго, і вось ужо на працягу пяцідзесяці гадоў у штодзённых клопатах і радасцях ідуць па жыцці.
Трэба адзначыць, што свята праходзіла не толькі на сцэне. У выставачнай зале ГДК працавалі тэматычныя пляцоўкі, інфармацыйна-кансультацыйныя сталы, гандлёвыя рады. Раённая бібліятэка арганізавала чытальную залу, Дом рамёстваў — выставу-продаж уласнай прадукцыі. На вуліцы для дзяцей былі арганізаваны гульнявыя пляцоўкі, можна было набыць поп-корн і салодкую вату. У раённым краязнаўчым музеі працавала выстава “Вялікая Айчынная вайна ў партрэтах яе ўдзельнікаў”, якую дзеці маглі н аведаць бясплатна. У кінатэатры “Маладосць” паказвалі кінафільм для сямейнага прагляду. А супрацоўнікі РАНС прымеркавалі да гэтага Дня акцыю пад назвай “Не пакідайце дзяцей адных”, мэта якой — нагадаць ганцаўчанам аб праблеме дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сіт уацый з удзелам дзяцей і забеспячэння іх агульнай бяспекі.
І дарослыя, і дзеці былі задаволены: Дзень сям’і прайшоў цікава і весела. Не пранікнуцца атмасферай гэтага свята было нельга. І кожны з яго наведвальнікаў яшчэ раз пераканаўся ў тым, што сям’я — галоўнае ў жыцці кожнага чалавека.

12

ЧЫСТАЯ СУБОТА

З году ў год наш раён мяняецца, прыгажэе, становіцца гасцінным і ўтульным домам для яго жыхароў і гасцей. І ў гэтым вялікая заслуга ганцаўчан. З прыходам сапраўднай вясны жыхары нашага горада і раёна ўзяліся за навядзенне парадку — рэспубліканскі суботнік, які прайшоў 23 красавіка, у чарговы раз згуртаваў сілы для добраўпарадкавання тэрыторыі.
У дзень суботніка хтосьці працаваў на добраўпарадкаванні населеных пунктаў, хтосьці прыводзіў у парадак тэрыторыі сваіх арганізацый, іншыя шчыравалі на палях сельгаспрадпрыемстваў і на вытворчасці. Але як і ў мінулым годзе, аб’ектам павышанай увагі стала тэрыторыя ўрочышча “Горкі”.
“Настрой выдатны! — падзяліўся ўражаннямі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Рылка. — Суботнік — вельмі адказная справа, вельмі важная і патрэбная. А таму і выйшлі на яго з ахвотай. Вось і надвор’е нам “падыграла” — сонечнае і па-сапраўднаму вясновае, як і настрой”.
Пагадзіўся з яго словамі і вадзіцель-экспедытар філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Ганцавіцкі хлебазавод Іван Курылік, які разам з калегамі, наводзіў парадак на тэрыторыі пляжа “Паўднёвы”: “Мы не першы год, скажам так, шэфствуем над гэтай тэрыторыяй. І вельмі радуе той факт, што ў гэтым годзе смецця тут значна менш. Думаю, што ўсё ж грамадзяне пачалі ўсур’ёз усведамляць: чысціня — залог здароўя. Нездарма ж кажуць, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не кідаюць смецце”.
Гэтую думку падхапіў і дырэктар прадпрыемства Андрэй Арцёменка: “Сёння тут прысутнічаюць 56 работнікаў нашага прадпрыемства. І хачу адзначыць, што ўсе з вялікім энтузіязмам адгукнуліся на гэтае мерапрыемства. Бо суботнік — не толькі выдатная магчымасць зрабіць наш горад больш чыстым і прыгожым, але і яшчэ мацней з’яднаць той ці іншы працоўны калектыў. Для мяне, як для кіраўніка, гэта вельмі важна”.
“Выдатны дзень, цудоўнае надвор’е, вясёлы настрой! — падзяліўся сваімі ўражаннямі начальнік аддзела маркетынгу і намеснік начальніка па ідэалогіі ПМК-14 Андрэй Валодзька. — Наш горад вельмі чысты і прыгожы. Але неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб падтрымліваць наведзены парадак.
А суботнік — цудоўная магчымасць надаць асаблівую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторый усяго раёна. Вось і мы разам з калегамі прыбіраем лесапаласу ўздоўж вуліцы Заводскай: збіраем зрэзанае галлё, вычышчаем ад смецця зялёную зону”.
У цэлым жа, работа ў горадзе і раёне ў гэты дзень проста кіпела. Медыкі райбальніцы прыбіралі прылеглую да ўстановы тэрыторыю, камунальнікі бялілі помнікі, работнікі і навучэнцы школы-інтэрната наводзілі парадак на пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны… Усіх, хто выйшаў на агульнарэспубліканскае свята і не пералічыць. Бо кожны суботнік — гэта яшчэ і значны грашовы ўклад жыхароў краіны ў важныя для ўсёй Беларусі аб’екты.
У гэтым годзе ў суботніку прынялі ўдзел больш чым 9000 ганцаўчан. Агульная сума, заробленая ганцаўчанамі, склала амаль 142,5 мільёна рублёў. Палова заробленых на суботніку грашовых сродкаў будзе пералічана Міністэрству фінансаў і накіравана для праектавання і будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.
Тыя сродкі, што застануцца ў распараджэнні аблвыканкама, будуць накіраваны на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона. Грашовыя сродкі, якія застаюцца ў распараджэнні Брэсцкага аблвыканкама, накіроўваюцца таксама на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай вобласці.

Презентация 13

ПАМЯТАЦЬ ДЗЕЛЯ ЖЫЦЦЯ

Штогод 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. З гэтай нагоды ў гарадскім Доме культуры прайшоў тэматычны вечар “Дзяцінства, абпаленае вайной”.
У Ганцавіцкім раёне ў нацысцкіх засценках расстраляна, закатавана больш чым 8700 чалавек, на катаржныя работы ў Германію адпраўлена 500 чалавек. У зале прысутнічалі відавочцы страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны — ветэраны, інваліды, вязні фашысцкіх канцлагераў. Старшыня раённай пярвічнай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў Сцяпан Фёдаравіч Кучынскі звярнуўся да маладых з заклікам ніколі не дапусціць вайны на сваёй роднай зямлі.
На працягу мерапрыемства на экране дэманстравалася слайд-прэзентацыя — знясіленыя людзі, ахвяры той вайны, целы забітых і закатаваных дарослых і дзяцей… Бачыць гэта і заставацца раўнадушным было немагчыма, але з гісторыі старонак не вырвеш. Пра гэта трэба ведаць, каб больш ніколі такога не паўтаралася. Але, на жаль, чалавецтва і сёння забывае ўрокі гісторыі…
Ад запісаў успамінаў сведкаў той страшнай вайны мурашкі беглі па целе. Тое, што прыйшлося перажыць гэтым людзям, нав ат уяўляць жудасна. А да вайны ішло сваё жыццё: старэйшае пакаленне вырашала бытавыя праблемы, маладыя людзі марылі пра светлую будучыню. І ніхто не ведаў, што гэт а скончыцца ў адзін момант… Легендарны голас Юрыя Левітана перанёс прысутных у 40-я гады мінулага стагоддзя…
У адзін са студзеньскіх дзён 1943 года гітлераўцы знішчылі вёску Задуб’е разам з яе жыхарамі. Ярка, эмацыянальна ўдалося перадаць удзельнікам драматычных калектываў ГДК атмасферу людскога болю, роспачы. І яшчэ больш жудасна думаць аб тым, што ў жыцці ўсё было намнога страшней.
Не забыць і мужныя подзвігі камсамольцаў-падпольшчыкаў. Вобраз падпольшчыцы Лідзіі Аляксандраўны Сіневіч таксама быў увасоблены на сцэне. Як і вобразы няшчасных вязняў яўрэйскіх працоўных канцлагераў, якія перажылі столькі здзекаў нямецкіх акупантаў…
Уразіла і выступленне дырэктара раённага краязнаўчага музея Наталлі Кулеш, якая эмацыянальна расказала аб гісторыі Ганцаўшчыны.
А напрыканцы мерапрыемства слова ўзяла старшыня раённага савета ветэранаў Яўгенія Сяргееўна Стацько, якая з хваляваннем заклікала маладых берагчы мір.
Нельга не адзначыць і цудоўныя, пранікнённыя выступленні артыстаў — Анастасіі Фёдаравай, вакальнага ансамбля “Лілея”, Анатоля Валошчыка, Святланы Лапчук. Ну, і канечне, усіх акцёраў, якія ўдзельнічалі ў тэматычным вечары.

13

ГАНЦАВІЧЫ — ЗДАРОВЫ ГОРАД!

7 красавіка ў гарадскім скверы ў 18.00 з нагоды Сусветнага дня здароўя прайшла маладзёжна-музычная акцыя “Ганцавічы — здаровы горад”. Госці свята змаглі не толькі даведацца многа цікавага і карыснага пра тое, як зберагчы сваё здароўе і ўмацаваць яго, але і на практыцы на тэматычнай пляцоўцы “Паляна здароўя” праверыць артэрыяльны ціск, узровень цукара ў крыві, атрымаць каляровыя буклеты аб здаровым ладзе жыцця і прафілактыцы дыябету (Дзень здароўя ў 2016 годзе прысвечаны прафілактыцы і лячэнню менавіта гэтага захворвання) і многае іншае.
Дзеці былі задаволены магчымасцю паўдзельнічаць ў шахматна-шашачным турніры, рухомых спартыўных гульнях, навучыцца баявым прыёмам у прадстаўнікоў спартыўнага клуба “Мядзведзь”, якія прадэманстравалі майстар-клас для прысутных. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся таксама і пракат спартыўнага інвентара: маленькія госці свята змаглі весела правесці час, выпрабоўваючы свае сілы ў яздзе на роліках і лыжароллерах.
Увогуле, свята атрымалася. А прысутныя і ўдзельнікі акцыі чарговы раз даказалі, што Ганцавічы — здаровы горад!

15

РОССЫП ТАЛЕНТАЎ

Не так даўно раёнка пісала пра свята-конкурс пад назвай “Таленты Ганцаўшчыны”, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і майстроў з усяго раёна. У мінулую ж суботу гэтае свята атрымала свой працяг: лепшыя з лепшых выступілі перад членамі журы — прадстаўнікамі Брэсцкага абласнога грамадскага культурнага цэнтра. Удзельнікі канцэрта змагаліся за магчымасць прыняць удзел у абласным фестывалі сучаснага мастацтва “Эстрадны MIX”, абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты” і XIII Рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.
Пачаўся канцэрт з выступлення эстрадна-джазавага ансамбля “Кавертон” пад кіраўніцтвам Сяргея Плоткі. Як і заўсёды, якасная жывая музыка парадавала і журы, і гледачоў. Цяжка было не запомніць і выступленне народнага хору ветэранаў гарадскога Дома культуры, якім ужо шмат гадоў кіруе Лідзія Карняйчук. Спевакі і музыканты даказалі ўсім прысутным, што сіла голасу і музычнае пачуццё не залежаць ні ад узросту, ні ад іншых фактараў і атрымалі бурныя апладысменты гледачоў.
Добра выступілі навучэнцы РЦДЮТ і дзіцячай школы мастацтваў. Прадстаўнікі эстраднай студыі “Правінцыя” ГДК зачаравалі журы песеннымі нумарамі.
Прымусілі гледачоў усміхацца ўдзельнікі ўзорнага аматарскага аб’яднання “Дайджэст-клуб”. Юныя артысты ў жанры “Канферанс” прадстаўлялі нумары, жартавалі, праводзілі гульні з залай.
І, канечне, нельга не абмінуць выставу, якая была падрыхтавана ганцавіцкімі ўмельцамі ў выставачнай зале ГДК. Установы адукацыі, прафесійныя майстры, аматары розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нават проста моладзь арганізавалі агляд сваіх вырабаў і фотаздымкаў.

16

Презентация1

2

3

4

5

6

7

 

8
9