[bvi]
mini

СВЯТЫ ВЁСАК «ТУТ МАЕ КАРАНІ»

10-11 жніўня бягучага года ў раёне традыцыйна пачаліся святы вёсак — свята, якое так любяць і чакаюць вяскоўцы. Да яго рыхтуюцца ўсе: арганізатары, жыхары вёсак, і вядома ж, тыя, хто тут нарадзіўся, вырас і па розных прычынах пакінуў малую радзіму. Бо няма нічога даражэй вузенькай сцежачкі да роднай хаты і сустрэчы з землякамі. Святы адбыліся ў аг.Малькавічы, в.Дзяніскавічы,  в.Палонь і Задуб’е. Многа добрых і цёплых слоў было сказана пра людзей, якія тут жывуць і працай упрыгожваюць сваю вёску, віншаванні прагучалі старажылам, юбілярам, маладажонам і шматдзетным сем’ям. Землякоў і гасцей вёсак  віталі: старшыні Дзяніскавіцкага Дубоўская Людміла Міхайлаўна, Малькавіцкага Літвіновіч Таццяна Васільеўна,  Люсінскага  Шкут  Вячаслаў Аляксандравіч сельвыканкамаў. Шчырыя словы землякам і падарунак калектыву паштовай сувязі прывезла Галіна Мікалаеўна Пупач, галоўны рэдактар газеты «Савецкае Палессе».  Да позняга вечара звінела свята ў вёсках, тут кожны мог знайсці сабе занятак. Працавалі дзіцячыя атракцыёны, гульнёвыя пляцоўкі, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тарговыя рады. А якое ж свята без песень і сяброў. Самадзейныя артысты Агарэвіцкага сельскага Дома культуры завіталі з канцэртнай праграмай у аг.Малькавічы і вёску Задуб’е, В.Круговіцкага сельскага клуба ў в.Дзяніскавічы, свае лепшыя песні падарылі артысты Ганцавіцкага Дома народнай творчасці суседзям з в.Палонь. Праведзеныя мерапрыемствы знайшлі добры водгук  у мясцовых жыхароў.

 

18 жніўня свята вёскі прайшло у в.Макава. У госці да вяскоўцаў завіталі самадзейныя артысты з Люсінскага сельскага клуба.

17-18 жніўня прайшлі святы вёсак у вёсках В.Круговічы, Нач, Макава, М.Круговічы. Шматлюдна было у аг.Хатынічы.

«Тут самае высокае неба, самыя зялёныя дрэвы, самыя добрыя і ветлівыя людзі». З гэтых цёплых слоў пачалося ў нядзелю свята вёскі ў Хатынічах.

У парку каля Хатыніцкага сельскага Дома культуры сабраліся некалькі сотняў мясцовых жыхароў усіх узростаў і госці, якія жывуць сёння ў райцэнтры або сталіцы. Лавачкі, пастаўленыя насупраць сцэны, у выніку не змаглі змясціць усіх жадаючых. Ды шмат каму яны і не былі патрэбныя: хтосьці аддаваў перавагу хавацца ў цені, хтосьці з задавальненнем прытанцоўваў пад запальныя песні ў выкананні артыстаў Хатыніцкага Дома культуры, а большасць юных удзельнікаў свята не маглі ўседзець на месцы – столькі вакол было ўсяго цікавага!

Вялікая ўвага надавалася навядзенню парадку на зямлі. Дамамі ўзорнага парадку прызнаныя домаўладанні Волаха Уладзіміра Анатольевіча і Тамары Сяргееўны, Канановіча Васіля Мікалаевіча і Таццяны Якаўлеўны, Канановіча Івана Мікалаевіча і Наталлі Міхайлаўны, Канановіча Уладзіміра Уладзіміравіча і Ірыны Міхайлаўны, Майсюка Аляксандра Іванавіча і Таццяны Мікалаеўны.

Цёплыя сустрэчы розных пакаленняў, магчымасць дакрануцца да народных традыцый – у раёне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя роднаму кутку. 24-25 жніўня  адбыліся cвяты вёсак у в. Будча, в. Ганцавічы, аг. Агарэвічы, аг.Раздзялавічы і аг. Чудзін.  Мерапрыемствы  сталі добрай магчымасцю для аднавяскоўцаў сабрацца разам і яшчэ раз пераканацца, што няма ў свеце больш дарагога кутка чым той, дзе табе пашчасціла нарадзіцца і жыць. На святах  гучалі песні, добрыя словы, ушаноўваліся старэйшыя і малодшыя жыхары, ганаровыя працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, лепшыя людзі вёсак і землякі-юбіляры.
Традыцыйна на святах працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У аг. Агарэвічы працавала індывідуальная выстава карцін самадзейнага мастака Таццяны Глушчанка. Музычныя віншаванні дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна, а так жа, госці свята ў аг. Агарэвічы ансамбль народнай песні «Лазінка» Лазавіцкага СДК Клецкага раёна. 
У рамках свята віншаванне з юбілейнымі датамі сумеснага жыцця прымалі: Іван і Праскоў’я Валошыны, Рыгор і Алена Васілевічы з аг. Агарэвічы, Фёдар і Марыя Захарчэні, Мікалай і Марыя Сергіені з аг. Чудзін, Тамара і Сяргей Зялёнка, Святлана і Анатоль Дзенісені, Галіна і Сяргей Мышкаўцы, Вікторыя і Дзмітрый Далматавы, Таццяна Фёдараўна і Міхаіл Цімафеевіч Савеня, Вольга Мікалаеўна і Мікалай Сяргеевіч Дайлід з в. Будча.
У вёсцы Ганцавічы віншаванні з юбілейнымі датамі прымалі: сем’і Клявец Эдуард Канстанцінавіч і Вера Прохараўна, Высоцкія Іван Іванавіч і Соф’я Мікалаеўна, Сенюковіч Раіса Іосіфаўна і Аляксей Міхайлавіч. Свае песні, музычныя нумары і добры настрой удзельнікам свята вёскі Ганцавічы  падарылі артысты мастацкай самадзейнасці Люсінскага сельскага клуба. Для жыхароў вёсак працавалі гульнёвыя пляцоўкі, тарговыя рады. Усе жадаючыя прымалі ўдзел у розыгрышы бяспройгрышнай латарэі. .  Кожны змог  знайсці сабе занятак,  бо да  позняга вечара звінелі святы.