Фальклорны фэст «Свае»
13 сакавіка ў Боркаўскім сельскім доме сацыяльна-культурных паслуг адбыўся фальклорны фэст. У мерапрыемстве прынялі ўдзел фальклорны гурт Боркаўскага сельскага дома сацыяльна-культурных паслуг, фальклорна-этнаграфічны гурт «Хатовічы», фальклорны гурт «Баркаўчане», фальклорна-этнаграфічны гурт «Завіца», фальклорны гурт в. Дзятлавічы (в. Дзятлавічы Лунінецкага р-на), традыцыйны інструментальны калектыў «Розы» (Клецкі р-н), капэла «На таку» і Кацярына Радзівілава (г. Мінск), клуб традыцыйнага танца «СІТА» (г. Мінск). Такога свята ў Борках яшчэ не было. Прыгожыя жанчыны ў рознакаляровых строях, нібыта кветкі, аздобілі залу. Нібыта скінуўшы з плеч цяжар пражытых гадоў, жыхары Борак на вачах маладзеюць. Закружыла, завіравала ў вясёлым карагодзе не толькі вяскоўцаў, але і гасцей, якіх таксама сабралася ў невялічкай вёсачцы нямала, мясцовае свята традыцыйнай культуры “Свае”, ладзіў якое Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў.