
ВОСЕНЬСКІ КІРМАШ
ВОСЕНЬСКІ КІРМАШ
Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў і Хатыніцкі сельскі Дом культуры ладзяць восеньскі кірмаш.
Кірмаш адбудзецца 7 кастрычніка, пачатак а 12 гадзіне на тэрыторыі раённага Дома рамёстваў (вул.Суворава, 2).
Восеньскі кірмаш – гэта сапраўднае свята! Спадзяемся, што “к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”. Асноўнай дзеяй свята стане абрад Багач, які прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая і да першага запальвання хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаваннедабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.
Падчас свята кожны чалавек можа далучыцца да абраду – ссыпання агульнага Багача, таму мы просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня. Калі не маеце свайго зерня, то будуць варыянты.
На свяце праспяваюць урачыстыя дажынкавыя песні гурт “Хатовічы” з вёскі Хатынічы, а танцавальную вечарынку з майстар-класам зладзяць мясцовыя музыкі і танцоры. Падчас кірмашу кожны можа паслухаць дажынкавыя песні, пагуляць разам з дзецьмі на дзіцячай пляцоўцы, зрабіць незвычайны падарунак на майстар-класах, набыць што-небудзь на кірмашы, сфатаграфавацца ў беларускім стылі, паслухаць музыку і патаньчыць, а таксама пакаштаваць стравы народнай кухні.
На кірмашы будзе дзейнічаць дзіцячая пляцоўка! Можна будзе пакачацца ў сене, зрабіць пацеркі з жалудоў і ягадак, заплесці прыгожыя коскі і зрабіць вянкі з кляновага лісця.
Уваход на тэрыторыю свята вольны.
Паважаныя майстры!
Каб запісацца на кірмаш рамёстваў, тэлефануйце 2-21-48, 8029 7 200 808!
ПРАГРАМА