[bvi]

Поспех самадзейных артыстаў

        2-3 чэрвеня 2018 года ў в.Парэчча Пінскага раёна, у маляўнічым месцы, на беразе ракі Ясельда, адбылося абласное свята-конкурс “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!” і свята сямейнай творчасці “Пад дахам дома твайго”.

         Творчая дэлегацыя нашага раёна была прадстаўнічай і шматлікай. Раён прадстаўлялі лепшыя калектывы і выканаўцы: ўзорны дзіцячы ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі” і інструментальнае трыа дзіцячай школы мастацтваў, народнае аматарскае аб’яднанне “Талака”,  гарманістка Лілія Вадзюціна, прыпевачніца Вольга Ваўчок з аг.Хатынічы. У конкурснай праграме сямейнай творчасці ўдзельнічалі Святлана і Віктар Багровы, сямейныя дынастыі народных майстроў Занька з вёскі Ганцавічы і Цялушка з аг.Люсіна.

         2 дні спаборнічалі самадзейныя артысты ў конкурсах сярод ансамбляў народных інструментаў, лепшых выканаўцаў на гармоніку, сямейнай творчасці. Гонар прадставіць раён на адкрыцці і заключным канцэрце абласнога свята мелі ансамбль “Дударыкі” і аматарскае аб’яднанне “Талака”. Ганцаўчане радавалі публіку хараством і самабытнасцю адзення, музыкі і песні. Яны яскрава паказалі сябе на сцэне і атрымалі высокую адзнаку. За значны ўклад у развіццё народнага мастацтва, актыўны ўдзел у абласным свяце ўзнагароджаны: Дыпломам    I ступені узорны ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі”, Дыпломам II ступені – народнае аматарскае аб’яднанне “Талака”, інструментальнае трыа дзіцячай школы мастацтваў, Лілія Вадзюціна, Вольга Ваўчок, Святлана і Віктар Багровы, Граматамі – сям’я Занька і Цялушка.