[bvi]

Адметныя аб’екты хрысціянскага культавага дойлідства на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна

У сераду 18 красавіка ва ўсім свеце будзе адзначацца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў, дэвіз якога «Захаваем нашу гістарычную радзіму». Дадзенае свята ўсталявана ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і славутых месцаў (ICOMOS), якая была створана пры ЮНЕСКА. Сам Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў пачаў адзначацца з 18 красавіка 1984 года.

Адметнымі прадстаўнікамі помнікаў і славутых мясцінаў у Ганцавіцкім раёне з’яўляюцца аб’екты хрысціянскага культавага дойлідства – праваслаўныя цэрквы і каталіцкія капліцы.

У вёсцы Чудзін на старых закрытых могілках размяшчаецца невялікая па памерах, але багатая на ўнутранняе аздабленне Свята-Георгіеўская царква, якая ўжо крыху больш за 150 гадоў з’яўляецца сапраўдным сімвалам гэтага населенага пункта.

Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Чудзін

 

Яе будаўніцтва было завершана ў студзені 1867 года, а ў красавіку ў Мінскую духоўную кансісторыю паступіў рапарт: «Маю павагу дакласці, што новазбудаваная царква, прыпісаная да прыходскай Будчанскай, 25 красавіка была асвечана ў гонар Святога Вялікапакутніка Георгія Перамоганосца. Бучацінскі благачынны святар Віктар Дамінікоўскі».

У 1898 годзе пры царкве была пабудавана царкоўна-прыходская школа. На 1911 год, адпаведна Спісу царкоўна-прыходскіх школ Мінскай губерні, ў школе вёскі Чудзін вучылася 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, настаўнікам быў Аляксандр Ярашэвіч.

Большую частку другой паловы ХХ стагоддзя царква была зачынена, не дзейнічала і паступова разбуралася. Напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя жыхары вёскі Чудзін вырашылі аднавіць работу царквы. Пачаўся збор сродкаў на рэстаўрацыю, кожны ў меру сваіх магчымасцей дапамагаў хутчэйшаму аднаўленню святыні. І ў 1989 годзе адрамантаваная і адноўленая царква адчыніла свае дзверы для прыхаджан і наведвальнікаў.

Георгіеўская царква ў Чудзіне – помнік народнага драўлянага дойлідства. У архітэктурным плане прамавугольны выцягнуты па падоўжанай восі зруб завершаны трохграннай апсідай, з супрацьлеглага фасада далучаецца прамавугольны прытвор з ганкам. Яруснасць храма ствараюць рознавялікія двухсхільныя дахі зрубаў, цэнтральны – завершаны гранёным барабанам з шатровым верхам.

У суседняй з Чудзінам вёсцы Будча ў цэнтры населенага пункта размяшчаецца царква Праабражэння Гасподняга. Яна была пабудавана ў 1896 годзе побач з месцам, дзе да гэтага знаходзілася згарэўшая ў ноч з 4 на 5 ліпеня 1878 года царква Святой Тройцы.

Спаса-Праабражэнская царква ў вёсцы Будча

 

Будчанская Праабражэнская царква складаецца з пяці зрубаў, што аб’яднаны ў цэнтрычную крыжовую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асноўны купалападобны аб’ём завершаны васьмігранным барабанам з высокім шатром. Далучаныя да яго прырубы прытвора і апсіды накрыты двухсхільнымі дахамі. Тры ўваходы ў храм аформлены ганкамі з навісямі. Вертыкалізм храма падкрэслены шалёўкай сцен, дэкарыраваных разьбой на франтонах, фрызах, ліштвах стральчатых аконных праёмаў. У малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца бакавыя прыдзелы, апсіда і прытвор.

Нельга абыйсці і той факт, што ў Будчанскай царкве з 1910 па 1918 гады даслужваў свой святарскі век Феадор Навіцкі, бацька (па іншых звестках – айчым) Яўхіма Карскага – выдатнага беларускага філолага-славіста, заснавальніка беларускіх навуковых мова- і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, палеагеографа, педагога.

Яшчэ адна царква ў гонар Святога Вялікапакутніка Георгія Перамоганосца знаходзіцца ў вёсцы Вялікія Круговічы. Па адной з звестак яна была пабудавана на грошы мясцовага памешчыка Ксаверыя Абуховіча ў 1771 годзе і першапачаткова была ўніяцкай.

Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы

 

Але адносна нядаўна ў 2015 годзе ў Літве ў Аддзеле рукапісаў і рэдкай кнігі Віленскага ўніверсітэта была знойдзена праца расійскага мастака Дзмітрыя Міхайлавіча Струкава, якую ён зрабіў у 1864 годзе пад час экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі. Гэты твор ўяўляе сабою акварэльны малюнак Круговіцкай Юр’еўскай (Георгіеўскай) царквы, дзе пазначана “ізноў выбудаваная”. Можна меркаваць, што пры пераводзе дадзенай хрысціянскай святыні з уніяцтва ў праваслаўе яна карэнным чынам рамантавалася, альбо ўвогуле перабудоўвалася.

Малюнак Круговіцкай царквы ў выкананні Дзмітрыя Міхайлавіча Струкава

 

Зараз царква ўяўляе сабою помнік народнага драўлянага дойлідства, што пабудаваны па прынцыпу двухзрубнага храма – асноўны купалападобны аб’ём выкананы з трохграннай апсідай і бакавымі рызніцамі. У прасторавай кампазіцыі дамінуе высокі васьмігранны барабан са шлемападобным купалам. Арачныя аконныя праёмы аформлены рызнымі ліштвамі. Унутры апсіду вылучае двух’ярусны іканастас на сямнаццаць абразоў. Асобна пастаўлена званіца. Царква ў Вялікіх Круговічах з’яўлялася адзіным праваслаўным храмам на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна, што не спыняў сваю дзейнасць у савецкія часы.

Тут жа ў Вялікіх Круговічах непадалёку ад царквы размяшчаецца каталіцкая капліца пры былой сядзібе Абуховічаў. У шматлікіх краязнаўчых даведніках яна пазначана як пахавальная, але ў гэтым накірунку ніколі не выкарыстоўвалася.

Капліца пры былой сядзібе Абуховічаў ў вёсцы Вялікія Круговічы

 

Датыроўка яе пабудовы – ХІХ стагоддзе, а стыль – неакласіцызм. Капліца вырашана лапідарным (кароткім і выразным) прамавугольным у плане аб’ёмам пад стромкім двухсхільным дахам. Плоскасныя фасады пазбаўлены архітэктурнага дэкору, апярэзаны карнізам простага профілю, прарэзаны арачнымі аконнымі ўваходнымі праёмамі. Пад капліцай маецца сутарэнне, якое завершана цыліндрычным скляпеннем.

Старажытныя могілкі ў вёсцы Ясянец з’яўляюцца месцам пахавання прадстаўнікоў адразу некалькіх дастаткова вядомых у Беларусі шляхецкіх родаў. Найбольш адметна выглядае капліца-пахавальня роду Вендорфаў, што пабудавана ў першай палове ХІХ стагоддзя з цэглы і бутавага каменю. Яна ўяўляе сабой помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам пад вальмавым дахам, закрытым на фасадзе паўкруглым франтонам. Арачныя аконныя і ўваходны праёмы вылучаны цагляна-чырвонымі ліштвамі на паліхромным фоне бутавай муроўкі сцен.

Капліца-пахавальня роду Вендорфаў ў вёсцы Ясянец

 

Недалёка ад яе размяшчаецца капліца-пахавальня роду Яленскіх, якая вырашана прамавугольнікам ў плане над заходняй часткай якой узвышаецца пірамідальная вежачка, на вяршыні яе змешчаны прыгожы каваны крыж. Капліца мае невялікі склеп на некалькі трунаў.

Капліца-пахавальня роду Яленскіх у вёсцы Ясянец

 

Усе пералічаныя аб’екты ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які быў створаны пасля прыняцця ў 1992 годзе закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Дадзеным праваслаўным цэрквам і каталіцкім капліцам прысвоена катэгорыя, якая абазначана лічбаю “3” – гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

Кожны помнік і памятная мясціна вартыя асобнай увагі. І дадзенае свята з’яўляецца нагодай прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў абароны і захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў тым ліку і на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.

Віталь ГЕРАСІМЕНЯ,
галоўны захавальнік фондаў УК “Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей”