[bvi]

Творчаму брэнду раёна — 30 гадоў!

«Талакі» жаночы твар

Жанчыны ўпэўнена заваёўваюць пазіцыі  на кіраўнічых пасадах, у бізнесе, рамесніцтве, даказваючы, што здатны на многае. Яны і ў творчасці «на перадавой», ва ўсялякім выпадку ў народным аматарскім аб’яднанні «Талака», якім, дарэчы, нязменна кіруе таксама жанчына – Ірына Марцінкевіч.

– Вядома, працаваць у жаночай частцы калектыву няпроста, – усміхаецца Ірына Барысаўна. – У  кожнай з нас свой характар, свае погляды і звычкі, незадаволенасці і крыўды. Аднак творчасць, бязмежная любоў да песні найчасцей прымушаюць нас  праяўляць згуртаванасць, добразычлівасць і мудрасць… Разам мы – вялікая сіла!

Перабіраючы з Ірынай Барысаўнай шматлікія фотаздымкі «Талакі», адкладваем убок, вядома ж, «дзявочыя». Хараство! Такія прыгажуні! Вочы ясныя, твары прывабныя, усмешкі шчырыя.

– У кожнай з удзельніц калектыву – свая гісторыя сяброўства з «Талакой». Вось, напрыклад, Ірына Цубер. У калектыве яна  гадоў пятнаццаць. Некаторы час не спявала: абставіны на тое былі.  Зараз саліруе ў калектыве, а салісты, вобразна кажучы, тавар штучны. Як жа хораша яна выконвае «Пасаджу каліну ў полі», «Пасылала мамачка», бо голас мае глыбокі, выразны, сапраўды народны!

Трымаючы ў руках фотаздымак, Ірына Барысаўна працягвае:

– Цяжка сёння ўявіць калектыў без інструментальнай групы, упрыгожваннем якой на працягу многіх гадоў з’яўляецца  цымбалістка Наталля Лынша. У Ганцавіцкую дзіцячую школу мастацтваў Наталля прыехала пасля размеркавання ў Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы і засталася… Прыгожая, сціплая і надзвычай таленавітая асоба. Успамінаецца, як некалькі гадоў таму «талакоўцы» выступалі на музычным фэсце ў Польшчы. Наталліным віртуозным выкананнем музычных твораў на цымбалах, як і голасам тагачаснай салісткі калектыву Алы Вадзюцінай, захапіліся нават самыя прыдзірлівыя музыкі і знаўцы народнай творчасці.

Не менш каштоўным чалавекам у калектыве з’яўляецца Вольга Купрыянік. Энергічная, эмацыянальная, музыкант, у руках якога жывою істотай становіцца самы звычайны баян.

– Немалаважны і той факт, што Вольга Мікалаеўна ніколі не лічыцца са сваім часам, трэба – значыць, трэба. І ніколі не падвядзе. Узгадваецца наша мінулагодняе выступленне на абласных «Дажынках» у Ружанах. Тады Вольга не змагла паехаць разам з калектывам у першы дзень нашых выступленняў. Раніцай наступнага дня на ўласным аўто прыбыла яна ў святочныя Ружаны, каб шэсцем прайсціся па галоўнай вуліцы з лепшымі аграрыямі раёна, каб на галоўнай сцэне ў чарговы раз паказаць музычную моц і майстэрства роднай старонкі.

За больш сталымі і вопытнымі музыкантамі з «Талакі» крочыць маладая скрыпачка Лізавета Кажадуб.

– У мінулым годзе ў дзіцячую школу мастацтваў яна прыехала па размеркаванні. Праз некалькі месяцаў работы ў школе прыйшла на рэпетыцыю «Талакі», – працягвае гаворку субяседніца, – і, як кажуць, прыжылася. Хаця і маладая, а працаваць умее!..

Дарэчы, Ірына Марцінкевіч усё жыццё займаецца пошукам таленавітых спявачак. І знаходзіць. Адных – у настаўніцкім асяроддзі, другіх – проста на вуліцы. Як гэта было з Таццянай Мышкавец.

– У пазамінулым годзе сустракаюся з Таццянай непадалёку ад аўтавакзала і, ведаючы, што валодае па-сапраўднаму народным тэмбрам голасу, прапаноўваю паспрабаваць свае сілы ў «Талацэ».  Згадзілася. Зараз Таццяна з вялікім задавальненнем спявае ў калектыве, не прапускае ніводнай рэпетыцыі і выступлення. Сёлета жанчына-маці выдала замуж сваю дачушку. Папярэднічаў вяселлю візіт сватоў. А тут выступленне «Талакі» на сцэне гарадскога Дома культуры ў рамках абласнога семінара бібліятэчных работнікаў. І што вы думаеце? Не прапусціла яго адданая песні Таццяна… На такіх, як яна, калектыў і трымаецца.

Зусім нечакана лёс звёў Ірыну Марцінкевіч і з Аксанай Зялёнка.

– Усіх жанчын, якія зараз спяваюць у «Талацэ», я сама запрасіла ў калектыў. Так было і з Аксанай. На адным з мерапрыемстваў у Доме народнай творчасці ў вёсцы Ганцавічы яна іграла на баяне і спявала. Сказаць, што спадабалася – мала сказаць. Гэта было як каханне – з першага погляду. У Аксане ёсць талент… і сэрца, вялікае, неспакойнае.

Залаты голас, гонар калектыву – Святлана Муха. Прыйшла  яна ў «Талаку» недзе ў сярэдзіне 90-х. За плячамі ў жанчыны была вялікая школа высокіх спеваў: у хоры імя Цітовіча несла яна народу яго багатую спадчыну. Прыехала ў Ганцавічы і на ўсё жыццё прыкіпела да «Талакі» Мала таго, неяк у размове Святлана Францаўна прызналася: «Песня і «Талака» – маё жыццё». І што тут больш скажаш?

З асаблівай цеплынёю гаворыць Ірына Марцінкевіч яшчэ пра адну жанчыну з «Талакі» – Алу Занька:

– Першае выступленне з абрадам «Заручыны» на рэспубліканскім тэлебачанні нельга забыць і сёння, як нельга забыць  вобразы маладога і маладой, якія так хораша выконвалі  тады Ала і Анатоль Занькі. Не толькі гледачы ў зале, але і я глядзела на іх здзіўленымі вачыма, з замілаваннем. У прынцыпе гэткімі ж вачыма я і зараз гляджу на Алу Святаславаўну, як яна эмацыянальна спявае кожны музычны твор, танчыць…

Дарэчы, амаль усе дзяўчаты з калектыву вясковыя. І яны, у адрозненне ад «асфальтаваных», разумеюць сутнасць песні, асабліва беларускай, і зусім не лічаць сябе зоркамі.

 …Гаворка з Ірынай Марцінкевіч пра жанчын, сённяшніх удзельніц народнага аматарскага аб’яднання «Талака», падалася адным імгненнем. Далікатна яна адклала ўбок фотаздымкі, прынесеныя  па маёй просьбе ў рэдакцыю, і зірнула на гадзіннік. 

– Праз паўгадзіны рэпетыцыя…

Шлях да даўгалецця і вышынь няпросты, і ляжыць ён праз церні паўсядзённай і шчырай працы.

Матэрыял падрыхтаваны галоўным рэдактарам газеты «Савецкае Палессе» Галинай Пупач